творы:яўгенія-янішчыц:яўгенія-янішчыц-ты-цяпер-немагчыма-далёк
Гэта старая версія дакумента!
Яўгенія Янішчыц — Ты цяпер немагчыма далёка...
Ты цяпер немагчыма далёка.
Вырву з градаў палын і асот.
Але воран – калючае вока –
Прабівае душу навылёт.
Захінуся шалёнаю сцюжай,
Завяжу вузялочкам кутас.
Чорны воран над белаю ружай:
О, які фантастычны кантраст!
Я сачу, як пялёсткі злятаюць,
Як заходзіцца вецер сляпы,
Рызыкоўна праз боль праступаюць
Кіпці ворана, ружы шыпы.
Адкажы, да чаго б гэта, дружа,
Кружыць, сну разарваўшы кілім,
Чорны воран над белаю ружай,
Як над выстылым сэрцам маім.
Падобныя старонкі
- яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-мова
- яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц
- яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-свята-пірага
- яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-ты-пакліч-мяне-пазаві
- яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-каліна-зімы
творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-ты-цяпер-немагчыма-далёк.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1