~~META: title = Яўгенія Янішчыц — Рубаі &keywords = нашто &abstract = Чытаць "Рубаі" Яўгеніи Янішчыц &iftrue = nan ~~ ====== Яўгенія Янішчыц — Рубаі ====== Садралі белую кару\\ З бярозкі юнай не ў пару.\\ Здаецца мне, што не бяроста,\\ А я у полымі гару.\\ * Ў сябе, бы ў студню зазірні.\\ Дай адстаяцца чысціні.\\ Тады, мастак, і я з табою\\ Тваёй паверу вышыні.\\ * Спявала песню мне Гульсхор\\ Пра сіняву і веліч гор.\\ Ды мне чамусьці ўспамінаўся\\ Мой ціхі гай, мой цёмны бор.\\ * На шчасце даў мне Файзуло\\ Залётнай ластаўкі крыло.\\ Ці не яно часцей вяртае\\ Мяне у роднае сяло?\\ * Зялёны край. Знаёмы кут.\\ Мне б назаўжды застацца тут,\\ Каб не было на свеце іншых\\ Дарог, шуканняў і пакут.\\ * Хітрэц, нашто мне твой бутон?\\ Ханжа, нашто мне твой паклон?\\ Але прыму я ад кахання\\ Усё – і ружу, і праклён.\\ * Там –\\ У мяцельнай\\ Белай крутаверці,\\ Ці не прапаў\\ Мой голас у трысці?\\ Ці мо згубіўся ён\\ У тым канверце,\\ Што ўзяўся белы голуб данясці?..\\ \\ Крыніца: Янішчыц Я. Дзень вечаровы. Вершы. Мн., «Маст, літ.», 1974. – 80 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-каліна-зімы]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-ты-пакліч-мяне-пазаві]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-мова]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-свята-пірага]]