~~META: title = Яўгенія Янішчыц — Маналог вавёркі &keywords = мяне, кола, дзень, кручуся, мілае, пройдзе, суседкі &abstract = Чытаць верш Яўгеніі Янішчыц "Маналог вавёркі" &iftrue = nan ~~ ====== Яўгенія Янішчыц — Маналог вавёркі ====== Вось і мяне, як іншых, прыручылі...\\ А я ж сама ірвалася штосілы\\ З зялёнага свайго кутка ляснога,\\ Шукала іншы, болей прыгажэйшы,\\ Мяняючы пры гэтым процьму дрэў...\\ I вось знайшла... адно навекі кола,\\ Дзе ў ім кручуся звыкла і нястомна\\ I дзень, і ноч; і ноч яшчэ, і дзень...\\ Дарэмна ж думаць, што апладысменты\\ Ўжо заглушылі гром лясны ці буру,\\ Ці кукаванне мілае суседкі.\\ Ці крык сляпой прыяцелькі-савы...\\ Калі кручу капронавае кола\\ I разам з ім сама ж у ім кручуся –\\ Я ўспамінаю па-над лесам зоры\\ I, нібы ў зорах, гнуткую ляшчыну,\\ З якой скаціўся спелы ўжо арэх...\\ Грэх на душы, калі ў імшастых травах\\ Апроч мяне не знойдуцца нікому\\ Крамяныя мае баравікі...\\ О, мой наіў – далёкі і няспраўдны!\\ А прыпамінак – пройдзе ці не пройдзе –\\ Бяды такой!.. Бо нехта ж ладзіў кола Не для зязюлі, мілае суседкі,\\ Не для савы, прыяцелькі маўклівай,\\ А для мяне – і толькі для мяне!!! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-ты-пакліч-мяне-пазаві]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-мова]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-каліна-зімы]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-свята-пірага]]