~~META: title = Яўгенія Янішчыц — Зорная паэма &keywords = янішчыц, людзей, чалавека, свет, вёска, яўгенія, пакаленне, словах, паэме, жыта, чалавек, людзі, сэрца &abstract = Чытаць кароткі змест паэмы Яўгеніі Янішчыц "Зорная паэма" &iftrue = nan ~~ ====== Яўгенія Янішчыц — Зорная паэма ====== «Зорная паэма» – твор лірычны і падзейнага сюжэта не мае. Гэта трывожны роздум паэткі пра сучаснасць, пра будучыню планеты, чалавечай цывілізацыі, чалавека. Свой, блізкі, вясковы і гарадскі свет (лірычная гераіня нарадзілася і вырасла ў вёсцы, а жыве ў горадзе) цесна звязаны з агульным чалавечым домам. Пытанне «Што там сягоння ў сусвеце і свеце?» турбуе жанчыну ўвесь час.\\ Сродкі лірычнага роду далі магчымасць аўтару ў невялікай паэме сказаць пра многія праблемы і трывогі нашага веку. Напачатку яны тычацца запаветнага «белабярозавага кута», куды «збалелае сэрца... вецер на крылах нясе». У ім \\ Шчодра ў барозны насыпаны зёрны.\\ Вечнасць пульсуе быстрой.\\ \\ ...Вокнаў ліштва і варотцаў узоры, –\\ Край на ўмельцаў багат.\\ Свецяць на хатах фанерныя зоры –\\ Душы Айчынных салдат. \\ Памяць нагадвае пра нядаўняе мінулае, пра вайну, і «душа скаланецца ад болю: / Жыта на мінах дагэтуль расце!»\\ Не спраўджваецца спадзяванне лірычнай гераіні, што «ў гэтай зямной і зялёнай купелі» не нагадаюць пра сябе «хіжасць і дэмагогія спрытных дзялкоў». Вёска знешне змянілася, адбудавалася, пабагацела, але раз’ехаліся, рассыпаліся па свеце яе дзеці – узгадаванае пасля вайны маладое пакаленне. Хто нам пасведчанні жывёлаводаў\\ Выдаў за клас выпускны?\\ Ах, як разбегліся ўсе адмыслова\\ Як найхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!\\ Любім на словах. Бунтуем на словах.\\ I славасловім праграмны наш век ... – \\ гэты папрок Яўгенія Янішчыц адрасуе равеснікам, не выключаючы з іх шэрагу і сябе («Грэшна вініць мне кагосьці старонняга, / Бо і сама без выгод не жыву»). А ў вёсцы не хапае рабочых рук, не хапае людзей, якія любяць зямлю, сялянскую працу.\\ Абдзеленае вайной старэйшае пакаленне, як і раней, звыкла і цярпліва нясе сваю жыццёвую ношку, сапраўднай падмогі і змены яно не дачакалася. Але сёння ўжо не толькі людзі, сама зямля «прагне ...пляча абароннага, / Просіць за бульбу, за лён і за хлеб». Эксперыменты «па паляпшэнню» парушылі раўнавагу ў прыродзе: то дажджы як з вядра, то невядомая ў балотным краі ніколі раней засуха. «Высах калодзеж, хоць жыта насып»,– бядуе маці. «Бусел – ці чулі? палюе на зайца!» – здзіўляецца сусед.\\ Усхвалявана Я. Янішчыц даводзіць у паэме, што даўно счакалася вёска Гаспадара, што дзяржава не надае патрэбнай увагі селяніну, што праца на зямлі нарэшце павінна стаць прэстыжнай.\\ У другой частцы «Зорнай паэмы» думка аўтара абдымае ўвесь сусвет: \\ Змоўклым гадзіннікам свет нас лякае,\\ Збоем апошніх світальных мінут.\\ Кроўю планета ужо набракае,\\ Але паўзе тэрмаядзерны спрут.\\ ...Стрэлкі шукаюць на цыферблаце\\ Міру, лагоды, братэрства, любві.\\ Людзі. Анёлы і д’яблы. Міране.\\ Плыць альбо не дабрыні караблю...\\ Што табе, сэрца, сыграць на кургане,\\ Як не малітву за маці-зямлю! \\ Яўгенія Янішчыц гаворыць пра пагоню за дабрабытам, пра знікненне спагадлівасці, адкрытасці, душэўнасці, пра адзіноту і раз’яднанасць людзей. Але\\ Покуль да сонца расчынены дзверы\\ З вераю у сонечны розум людзей, –\\ Быць! – Я гукаю праз гром і хімеры,\\ Тулячы сына свайго да грудзей. \\ Свой гадзіннік Я. Янішчыц настройвала на пяшчоту, лагоду, любоў, разуменне. Яна не хацела верыць, што чалавецтва дойдзе да той мяжы, за якой нікога і нічога няма: \\ ...Не ў міфічную цягнецца Мекку\\ Шлях, пазбаўлены літанняў і лек.\\ ...Чуе ў бядзе чалавек чалавека.\\ Да Чалавека ідзе Чалавек! \\ Такімі радкамі заканчваецца паэма, напісаная на хвалі грамадскага ачышчэння сярэдзіны 80-х гадоў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-каліна-зімы]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-мова]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-ты-пакліч-мяне-пазаві]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-свята-пірага]]