~~META: title = Яраслаў Пархута — Як рабілі вясёлку &keywords = праменьчык, аранжавы, зялёны, бераг, неба, чырвоны, сіні, фіялетавы, блакітны, зямлі, паясок, пераскочыў, стужка, азярыну &abstract = Чытаць казку Яраслава Пархуты "Як рабілі вясёлку" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Як рабілі вясёлку ====== Пры азярыне між кветак і траў гулялі ў хованкі праменьчыкі. Іх было ажно сем – Фіялетавы, Сіні, Блакітны. Зялёны, Жоўты, Аранжавы і Чырвоны. Раптам праменьчык Фіялетавы сказаў:\\ – Надакучыла тут. Хачу на другі бераг азярыны!\\ Абапёрся адным канцом на купіну, выгнуўся дугою, другі канец апусціў на процілеглы бераг і засвяціўся ад радасці.\\ Убачыў праменьчык Сіні, як брат ягоны раскашуе, і таксама сказаў:\\ – На той бераг хачу!\\ Пераскочыў азярыну, далучыўся да праменьчыка Фіялетавага, і ўжо на пару заззялі яны над зямлёю.\\ Зайздросна стала праменьчыку Блакітнаму, і ён, доўга не думаючы, кінуўся да братоў.\\ У небе цяпер тры стужачкі каляровыя гарэлі.\\ Праменьчык Зялёны не вытрымаў, шугануў увысь і адтуль гукнуў:\\ – Гэй, там, на зямлі! Да нас гайда! Тут прасторна! І відаць далёка!..\\ Праменьчык Жоўты павагаўся, а тады ўзяў і таксама пераскочыў азярыну. І атрымаўся ладны паясок – пяцікаляровы.\\ «А я хіба горшы?» – падумаў праменьчык Аранжавы і кінуўся следам.\\ У небе ўжо гарэў шасцікаляровы паясок. Бачачы такое дзіва, праменьчык Чырвоны сказаў:\\ – Браты, а мяне прымеце ў сваю кампанію?\\ – Прымем! Прымем! – пачуліся галасы. – Не марудзь толькі...\\ Праз хвіліну ў небе над азярынай павісла незвычайная стужка. У ёй былі ўсе сем колераў – чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні і фіялетавы. І радавалася ім усё жывое на зямлі. А паколькі тая стужка гарэла надзвычай весела, то людзі і назвалі яе проста і ясна – Вясёлка. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-журавы]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-бомжык]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-птушыны-інтэрнат]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-снегавічок]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр]]