Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:яраслаў-пархута:яраслаў-пархута-хвалькі

Гэта старая версія дакумента!


Яраслаў Пархута — Хвалькі

Аднойчы на пажоўклы кляновы лісток, што прыбіўся ветрам да плота, апусціліся тры сняжынкі – Зорачка, Выцінанка і Крупінка. Паляжалі хвіліну-другую, паўзіраліся, як іхнія сяброўкі кружацца ў паветры, ды пачалі выхваляцца адна перад адной. Сняжынка Зорачка сказала:
– Я самая прыгожая! За гэта мяне і паважаюць. Нездарма партрэт мой па многіх краінах разышоўся.
Сняжынка Выцінанка абурылася:
– Кіназорка знайшлася! Самая прыгожая – гэта я. З мяне дзяўчаты некалі нават фасоны здымалі, калі папяровыя фіранкі рабілі.
Сняжынка Крупінка таксама не ўтрымалася:
– Я самая прыгожая! I кругленькая, і мякенькая, быццам клубочак, які кацяняты на падлозе качаць любяць.
Пачула тую пахвальбу Сонейка, выглянула з-за хмаркі і сказала:
– Як на мой розум, то ўсе вы прыгожыя. Кожная па-свойму. Так што супакойцеся, пакіньце сварыцца.
– Не! – запярэчылі ў адзін голас Зорачка, Выцінанка і Крупінка. – Ты зірні ўважліва! Тады ўбачыш, каторая з нас прыгажэйшая.
Сонейка кінула на кляновы лісток сноп прамянёў і не паспела прыгледзецца, як усе тры сняжынкі расталі. Ператварыліся ў аднолькавыя малюсенькія кропелькі. А пасля яны збегліся ў адно месца і сталі… Кропляй.
Кропля крутанулася, паглядзела туды, паглядзела сюды і сказала Сонейку:
– Самая прыгожая – гэта я, Кропля! Калі пажадаю, то магу і Сонцам зрабіцца. Яркім. Залацістым. Во якая я!..
Пачула Сонейка тую пахвальбу і схавалася за хмарку. Аднекуль прыляцеў вецер, шугануў уздоўж плота. Кроплі не стала – расплылася на лістку мокрай плямай.
Кляновы лісток, які дагэтуль маўчаў, ажно зморшчыўся:
– Хвалькі!

Падобныя старонкі

  • яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр
  • яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-бомжык
  • яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-снегавічок
  • яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-журавы
  • яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-птушыны-інтэрнат
творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-хвалькі.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki