~~META: title = Яраслаў Пархута — Хвалькі &keywords = прыгожая, зорачка, выцінанка, крупінка, сняжынка, сказала, кляновы, лісток, сонейка &abstract = Чытаць казку Яраслава Пархуты "Хвалькі" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Хвалькі ====== Аднойчы на пажоўклы кляновы лісток, што прыбіўся ветрам да плота, апусціліся тры сняжынкі – Зорачка, Выцінанка і Крупінка. Паляжалі хвіліну-другую, паўзіраліся, як іхнія сяброўкі кружацца ў паветры, ды пачалі выхваляцца адна перад адной. Сняжынка Зорачка сказала:\\ – Я самая прыгожая! За гэта мяне і паважаюць. Нездарма партрэт мой па многіх краінах разышоўся.\\ Сняжынка Выцінанка абурылася:\\ – Кіназорка знайшлася! Самая прыгожая – гэта я. З мяне дзяўчаты некалі нават фасоны здымалі, калі папяровыя фіранкі рабілі.\\ Сняжынка Крупінка таксама не ўтрымалася:\\ – Я самая прыгожая! I кругленькая, і мякенькая, быццам клубочак, які кацяняты на падлозе качаць любяць.\\ Пачула тую пахвальбу Сонейка, выглянула з-за хмаркі і сказала:\\ – Як на мой розум, то ўсе вы прыгожыя. Кожная па-свойму. Так што супакойцеся, пакіньце сварыцца.\\ – Не! – запярэчылі ў адзін голас Зорачка, Выцінанка і Крупінка. – Ты зірні ўважліва! Тады ўбачыш, каторая з нас прыгажэйшая.\\ Сонейка кінула на кляновы лісток сноп прамянёў і не паспела прыгледзецца, як усе тры сняжынкі расталі. Ператварыліся ў аднолькавыя малюсенькія кропелькі. А пасля яны збегліся ў адно месца і сталі... Кропляй.\\ Кропля крутанулася, паглядзела туды, паглядзела сюды і сказала Сонейку:\\ – Самая прыгожая – гэта я, Кропля! Калі пажадаю, то магу і Сонцам зрабіцца. Яркім. Залацістым. Во якая я!..\\ Пачула Сонейка тую пахвальбу і схавалася за хмарку. Аднекуль прыляцеў вецер, шугануў уздоўж плота. Кроплі не стала – расплылася на лістку мокрай плямай.\\ Кляновы лісток, які дагэтуль маўчаў, ажно зморшчыўся:\\ – Хвалькі! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-бомжык]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-снегавічок]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-журавы]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-птушыны-інтэрнат]]