~~META: title = Яраслаў Пархута — Снегавічок &keywords = юлька, вераб’і, клён, хаты, вераб’ёў, спачатку, птушкі, вераб’я, маці, верабей, сказала, юльцы, бачыла, збіраюцца, камячок &abstract = Чытаць апавяданне Яраслава Пархуты "Снегавічок" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Снегавічок ====== Насупраць Юльчынай хаты стаіць клён. Той клён аблюбавалі вераб’і і кожны дзень збіраюцца там на свой злёт. Толькі прыйдзе Юлька са школы, сядзе рыхтаваць урокі, а вераб’і тут як тут – зляцеліся! Спачатку нібы знаёмяцца: «Чый, чый?» А калі перазнаёмяцца – пачынаюць гамонку.\\ Іншы раз птушкі ўзнімуць такі гармідар, што Юлька не вытрымлівае, выходзіць з хаты і гукае:\\ – Кыш! I чаго вы не падзялілі там?!\\ Вераб’і палохаюцца, уздымаюцца з дрэва і ляцяць на выган. Але варта Юльцы зачыніць за сабою дзверы, як неслухі вяртаюцца і яшчэ званчэй бяруцца абмяркоўваць свае вераб’іныя справы.\\ Надакучыла Юльцы сварыцца з вераб’ямі, і яна вырашыла правучыць іх. «Пастаўлю сіло, – сказала яна сабе. – Спаймаю самага хуліганістага і дам яму пстрычак...»\\ Але не так проста цяперашняга вераб’я правесці на мякіне. Сіло стаяла на сметніку, птушкі ў той бок нават не глядзелі. А як выпала пароша, Юлька не пашкадавала сыпануць прасяных круп. I спакусіла-такі вераб’ёў. Чародка шуганула з клёна і пачала частавацца.\\ Юлька счакала хвіліну-другую ў засадзе, а калі пабегла на сметнік – ад здзіўлення ажно застыла. У сіле не было ніводнага вераб’я, а толькі трапятаў нейкі белы камячок.\\ – Дзіва! – сказала Юлька. – Колькі жыву, а такога не бачыла...\\ Трымала бялюткую, як жменька свежага снегу, птушачку і, забыўшыся пра тую пстрычку, дапытвалася:\\ – I адкуль ты ўзялася такая? Нібыта і верабей і – не верабей... Чысты снегавічок!..\\ Птушка зірнула чырвоным вокам і ціўкнула. Нібы прасіла прабачэння. I Юлька расслабіла далонь.\\ Белы камячок чырыкнуў ад радасці, паляцеў на клён і згубіўся ў вераб’інай грамадзе.\\ З таго дня Юлька не злуе на вераб’ёў. Наадварот, радуецца, калі тыя збіраюцца ля хаты на чарговы свой злёт. I калі яна вяртаецца са школы, перш чым сесці за хатняе заданне, абавязкова пытаецца ў маці:\\ – А ці не бачыла ты сёння нашага Снегавічка?\\ – А няўжо! На верхняй галінцы скача! – адказвае маці і ў сваю чаргу, з усмешкай на твары, цікавіцца: – А ці ведаеш, пра што вераб'і гамоняць з ім?\\ Юлька спачатку паціскае плячыма, а потым хітравата ўсміхаецца:\\ – Дапытваюцца, мабыць, адкуль ён такі прыгожанькі ўзяўся... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-журавы]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-птушыны-інтэрнат]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-бомжык]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-камароўка]]