~~META: title = Яраслаў Пархута — Птушыны інтэрнат &keywords = шпакі, пачалі, буслы, таполі, вераб’і, фядот, ўюць, дарма жыцьмуць, дупло, ніжэй, біць, дзяцел, буслінага, прыляцелі, клопат, шпакам &abstract = Чытаць апавяданне Яраслава Пархуты "Птушыны інтэрнат" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Птушыны інтэрнат ====== Аднойчы ў таполі навальніца зламала вершаліну. Людзі заўважылі непарадак, усцягнулі на дрэва старую барану і сказалі:\\ – Няхай хоць птушкам паслужыць.\\ I праўда. Вясною прыляцелі аднекуль буслы і пачалі завіхацца – майстраваць гняздо. Носяць сухія галінкі, шматкі моху, леташнюю салому і радуюцца: хутка зажывуць у новым доме!\\ А вераб’і ўвесь гэты час гойдаліся на галінках і толькі пасміхаліся:\\ – Ці ў ім жыцьмуць?! Ці ў ім жыцьмуць?!\\ Іх падтрымалі шпакі:\\ – Дарма ўюць! Дарма ўюць!\\ А калі буслы нарэшце закончылі будаўніцтва і з вясёлым клёкатам паведамілі, якое ў іх цудоўнае жытло атрымалася, вераб’і першыя спахапіліся і пачалі прасіцца ў падсуседзі.\\ Буслы падумалі-падумалі і дазволілі вераб’ям пасяліцца разам.\\ Узрушаныя шпакі ад зайздрасці ажно свіснулі: маўляў, не шкодзіла б і ім прысуседзіцца!\\ – Такі клопат! Такі клопат! – сказалі буслы і шпакам таксама далі дазвол.\\ Але як ні стараліся шпакі прыстроіцца да буслінага гнязда – не змаглі. I тады з ельніку прыляцеў дзяцел і пачаў рабіць ім дупло. Ніжэй буслінага жытла, ніжэй вераб’інага... А калі ўбачыў, што кватэра шпакам цудоўная выйшла, дык рашыў заадно і сабе дупло змайстраваць.\\ На старой таполі нібы інтэрнат атрымаўся.\\ Але аднойчы рыжы кот Фядот вырашыў праверыць буслянку. I тут дзяцел першы ўзняў трывогу. Стукнуў тройчы ў сук:\\ – Кот-кот-кот!\\ Усхапіліся шпакі ды завагаліся:\\ – Біць ці не? Біць ці не?\\ – Біць-біць-біць! – закрычалі вераб’і, кінуліся ў атаку і пачалі калашмаціць Фядота – ажно рыжая поўсць паляцела. Тут і шпакі пасмялелі, памагаць пачалі. А калі на той гоман з бліжняга балотца прыляцелі бусел з бусліхаю, на таполі быў поўны парадак: бусляняты спрасонку пазяхалі на мяккай пасцельцы, шпакі з вераб’ямі абмяркоўвалі нядаўнюю падзею, а кот Фядот ляжаў у крапіве і лічыў сінякі.\\ З таго часу жыхары птушынага інтэрната жывуць спакойна. А кот Фядот за вярсту абыходзіць старую таполю. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[ibdc.ped>птушкі-шчасця]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]]