~~META: title = Яраслаў Пархута — Лесавічок &keywords = пацерку, мішка, сарокі, шалястунчыкі, пацерка, сараканожка, бабёр, дастаў, даставаў, школы, чапля, казка, аляпка &abstract = Чытаць казкі "Шалястунчыкі", "Пацерка", "Сараканожка", "Ластаўчыны дзеткі" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Лесавічок ====== //**(урыўкі)**// \\ На палянцы, у старым пяньку-церамку, жыў Лесавічок. Не абы які Лесавічок. Ён умеў казкі складаць!\\ Уведала пра гэта Сарока і навіну па ўсім лесе разнесла. Збегліся на палянку і старыя, і малыя. Шашок прапанаваў:\\ – Пакуль Лесавічок адпачывае, выкрадзем у яго казкі і прачытаем!\\ Выкрасці то выкраў, а разабраць, што на кляновых лістках напісана, не змог.\\ I Крот акуляры дома пакінуў. I Сава яшчэ вочы не прадрала. Выручыў Вожык. Ён прысеў пад елачкай, узяў верхні лісток і пачаў чытаць: \\ **Казка пятая - Шалястунчыкі** У суседняй пушчы жылі Мядзведзь з Мядзведзіхай. У іх быў сынок-пестунок, якога Мішкам звалі. Здаецца, нічога сабе пестунок, а вечна хадзіў пануры. Сонца свеціць, аблачыны бягуць па небе, ветрык у лістоце гуляе, а ён – крывіцца. Птахі пяюць, матылі пырхаюць, пчолы над кветкамі шчыруюць, а ён – крывіцца. Усё Мішку не так, усё не гэтак.\\ Але найболей не любіў ён заданні дамашнія рабіць. Два словы, як кажуць, звязаць ленаваўся. Вернецца, бывала, з лясное школы, за стол у сваім берлагу сядзе, а не чытаецца яму, не пішацца.\\ Аднойчы сядзеў вось гэтак Мішка за сталом, сядзеў і раптам заснуў. I прысніўся яму незвычайны сон. Быццам ва ўсім, што з ім адбываецца, вінаватыя шалястунчыкі – вясёлыя чалавечкі, што пад лісцем на дрэвах жывуць. Быццам яны знарок гушкаюцца на галінках, шалясцяць, думаць яму перашкаджаюць. Не вытрымаў Мішка, выскачыў з берлагу, узабраўся на дуб, што паблізу стаяў, і давай страсаць шалястунчыкаў, давай страсаць. Шалястунчыкі напалохаліся і на лістках, як на парашуціках, паспускаліся на зямлю ды ў суседнюю дуброву перабеглі.\\ Вярнуўся Мішка ў бярлог, зноў сеў за дамашняе заданне. Але яшчэ большая лянота апанавала ім. Наўкол была такая цішыня! Прыціхлі птахі, ветрык стаіўся, матылі зніклі, пчолы перасталі шчыраваць – усе нібы чакаюць, што ў Мішкі на гэты раз атрымаецца.\\ А ў яго і на гэты раз нічога не атрымалася.\\ Задумаўся Мішка: як жа далей быць? А праз хвіліну ўсё ж здагадаўся, што да чаго: не шалястунчыкі вінаваты, а ён сам! Кінуўся ў дуброву, закрычаў шалястунчыкам:\\ – Даруйце! Я быў несправядлівы да вас. Назад перасяляйцеся! Крыўдзіць не буду болей.\\ Шалястунчыкі адказалі:\\ – Калі ты пакінеш яшчэ і крывіцца, панурыцца ды ленавацца, тады вернемся. А так і не ўпрошвай нават!..\\ ...Мішка ад нечаканасці прачнуўся.\\ Назаўтра нібы і не ён вяртаўся з лясное школы. Сонца свяціла, аблачынкі беглі па небе, ветрык у лістоце гуляў, а Мішка ўсміхаўся ім. Пчолы над кветкамі шчыравалі, матылі пырхалі, птахі спявалі, і Мішка таксама стараўся песеньку запець. Усё яму даспадобы было, усё сэрцу міла!\\ I ў той дзень быццам цуд адбыўся: дамашняе заданне ўпершыню выканаў лёгка і хутка.\\ Мішка ўзрадаваўся, сказаў сам сабе:\\ – Шалястунчыкі дапамаглі! **Казка сёмая - Пацерка** Сарока знайшла на дарозе пацерку. Прыгожую – як ранішняя расінка. I сонца ў ёй бачылася, і аблокі, і нават кожнае сарочына пёрка.\\ Ухапіла Сарока пацерку і паляцела да ракі – сяброўкам хваліцца. Сяброўкі ўбачылі знаходку – замітусіліся:\\ – Ах, якая цудоўная пацерка! – закрычалі яны. – Якая зіхатлівая! Давай падзелім. Каб кожнай было хоць па драбочку.\\ I пачалі валтузіцца, адна ў адной адбіраць пацерку, каб адшчыкнуць сабе паболей. Валтузіліся, валтузіліся, пакуль не ўкацілі пацерку ў раку. А тады паселі на вярбе, пазіраюць у вірок, на дне якога паблісквала пацерка, і бядуюць: як дастаць яе?\\ А тут якраз па рачным дне Рак сунецца. Сарокі да яго:\\ – Зрабі добрую справу, дастань нашу пацерку. Вунь яна, сярод каменьчыкаў зіхаціць!\\ Вырачыў Рак вочы, пакруціў вусамі, заўважыў пацерку, а ўзяць не можа. Работа ж тонкая, ювелірная! А ў яго кляшчоткі, як лапаты.\\ – Сваіх клопатаў хапае! – узлаваўся Рак і пасунуўся далей. А тут якраз Бабёр бервяно тралюе. Сарокі да яго:\\ – Выручай! Пацерка ў раку ўпала. Рак даставаў – не дастаў. Мо ты, Бабёр, дастанеш?\\ Бабёр прыткнуў бервяно да берага, набраў поўныя грудзі паветра і даў нырца. Доўга не было Бабра. А выплыў – высыпаў на бераг прыгаршчы рачнога пяску:\\ – Шукайце. Тут яна павінна быць. I пагнаў далей сваё бервяно.\\ Перабралі сарокі пясок, а пацеркі не знайшлі. А тут якраз Чапля з броду ляціць. Сарокі да яе:\\ – Пацерку з вірка не можам вылавіць. Рак даставаў – не дастаў. Бабёр даставаў – не дастаў. Мо ты, чапля, дастанеш?\\ Чапля пастаяла, падумала, увайшла ў ваду і стала дзюбаю шарыць па дне. Шарыла, шарыла, пускала бурбалкі, пускала, а потым выбралася на бераг і кажа:\\ – Нічога не выйдзе. Шыя закароткая. – I паляцела ў свой лес.\\ Сядзяць на суках сарокі ды адна адну папракаюць за прапажу. А тут якраз Аляпка бяжыць – шэранькая, у белым нагруднічку птушачка. Сарокі да яе:\\ – Мелі мы пацерку. Прыгожую, як ранішняя расіна. У ёй свет увесь бачыўся. Ды ў раку наша пацерка ўкацілася. Рак даставаў – не дастаў. Бабёр даставаў – не дастаў. Чапля даставала – не дастала. Мо ты, Аляпка, дастанеш?\\ Аляпка як бегла плёсам, так і пабегла, толькі цяпер пад ваду. Крутнулася там, на рачным дне, і гэтак жа хуценька выскачыла назад. У дзюбцы яна трымала пацерку, у якой увесь свет бачыўся. Паклала Аляпка на пясок тую пацерку і кінулася далей.\\ А сарокі ўбачылі, што згуба знайшлася, шухнулі на бераг і зноў сталі адна ў адной адбіраць пацерку. Валтузяцца, крычаць. Над ракою такі гармідар паднялі – хоць вушы затыкай.\\ Яны і да гэтай пары тую пацерку ніяк падзяліць не могуць. **Казка адзінаццатая - Сараканожка** Паклікала Страказа ў госці Сараканожку. Тая новую сукню надзела, прычоску модную навяла, самыя прыгожыя завушніцы пачапіла. Выскачыла за весніцы, а суседка Муха пасміхаецца: \\ – Хіба мода новая\\ Паяўляецца?\\ Басанож баляваць\\ Адпраўляецца!.. \\ Азірнулася Сараканожка і бачыць: сапраўды, босая! У спешцы абуцца забылася! Крутнулася туды, крутнулася сюды – а чобатаў ні пад лаваю, ні ў запечы, ні пад печчу. Дзеці, гуляючы, расцягнулі! Села на парог, бядуе. А Муха кажа: \\ – Вунь на ўзлессі два яноты\\ Шыюць ялавыя боты.\\ Ты ім нізка пакланіся –\\ Мо і чобаты шыць узяліся б. \\ Пабегла Сараканожка на ўзлессе: \\ – Яноты-браткі,\\ Пашыйце чабаткі!..\\ – Што ты? Што ты? –\\ адказалі Яноты. –\\ Мы рады прыняць заказ,\\ Ды столькі хрому\\ Не знойдзецца ў нас.\\ Прасі камароў,\\ Хай заколюць сорак валоў,\\ Шкуры здзяруць,\\ Гарбара наймуць.\\ I калі гарбар\\ Вырабіць добры тавар,\\ То, так і быць,\\ Згодзімся шыць. \\ Сараканожка да камароў: \\ – А мае вы камарыкі,\\ Гвоздзікамі тварыкі!\\ Бядзе-гору пасабіце!\\ З папасу валоў ганіце.\\ Клічце да двара\\ Лепшага гарбара,\\ Тэрмінова хай вырабіць хрому –\\ Босай жа не выйдзеш з дому!.. \\ Камары паспагадалі. У сцельку ледзь не разбіліся, а зрабілі ўсё, што прасіла суседка. I яна зноў пабегла на ўзлессе:\\ – Ах, яноты-браткі,\\ Шыйце хутчэй чабаткі!\\ У госці даўно пазнюся –\\ Заўтра за ўсё разлічуся! \\ Яноты прынялі заказ. I хоць на адзін капыл шылі, чобаты атрымаліся як улітыя.\\ Узрадавалася Сараканожка, пакруцілася ў абнове перад люстэркам ды бегма да Страказы на паляну.\\ А там госці даўно разышліся.\\ **Казка трынаццатая - Ластаўчыны дзеткі** Над акном музычнай школы жылі ластаўкі. Калі іхнія дзеткі былі яшчэ малыя, усё ішло добра. А падраслі – бацькам трывожна стала: малеча пачала рвацца з гнязда і прыслухоўвацца, як вучні спевы ды музыку пасцігаюць. Іншае ластавяня так высунецца з гнязда, што, здаецца, яшчэ хвіліна – і на зямлі апыніцца.\\ Надакучыла бацькам пільнаваць ластавянят і вырашылі яны на ўсякі выпадак конскім воласам за ножкі папрывязваць іх. Маўляў, цяпер ніводнае не страціцца.\\ Пакуль у школе развучвалі сальфеджыа, яшчэ туды-сюды было. А калі вучні добра спяваць сталі, – ластавянят аніякае валоссе ўтрымаць не магло. Так і рваліся з гнязда, так і рваліся!\\ Бацькі нарэшце сказалі:\\ – Ляціце! Толькі не абсаромце нас.\\ Шухнулі ластавяняты на волю – і адразу сталі насіцца над сялом ды ўмельства сваё паказваць. Шчабечуць на ўсе лады! А здаволяцца – на правады пасядуць. Здалёк глядзеліся, нібы ноты ў спеўніку. Бацькі радаваліся: на карысць навука пайшла!\\ А Верабей з Вераб’іхаю ўсумніліся:\\ – А ці могуць яны дорэміфасолю зрабіць?! Ластавяняты пераляцелі з провада на провад і паказалі, на што здатныя.\\ – Нічога не скажаш! – пахвалілі вераб’і ды кінуліся збіраць сваю сям’ю. Каб даказаць, што і вераб’яняты не лыкам шытыя. Але як ні стараліся тыя, як ні пераляталі з провада на провад, у іх так нічога і не атрымалася – ні дорэміфасолі, ні сольфамірэдо. Яшчэ горай спявалі яны:\\ – Чык-чырык! – усё, што маглі вераб’яняты.\\ – Бо далекавата ад школы музычнай выхоўваліся, – сказалі Верабей з Вераб’іхаю і вырашылі не адставаць ад ластавак.\\ Наступнай вясной, калі ластаўкі яшчэ не вярнуліся з выраю, Верабей з Вераб’іхаю занялі ластаўчына гняздзечка, што над школьным акном пуставала, займелі дзетак і пачалі, не апераных нават, прымушаць слухаць і сальфеджыа, і спевы, і музыку. Але ніводнае з вераб’янят не магло засвоіць тую навуку. Не атрымлівалася нічога, акрамя таго ж: «Чык-чырык!..»\\ Прыляцелі ластаўкі, убачылі, што робіцца ў іхняй хатачцы, ды сварыцца на вераб’ёў не сталі, толькі сказалі:\\ – Акрамя жадання, трэба яшчэ хоць трошачкі здольнасці мець!..\\ I пачалі будаваць сабе новае гняздзечка.\\ …Мінулі гады, а вераб’і па сённяшні дзень усё, што могуць, – гэта чырыкаць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-журавы]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-бомжык]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-птушыны-інтэрнат]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-снегавічок]]