~~META: title = Яраслаў Пархута — Кропелька &keywords = кропелька, кропелькі, ледзяша, ручаінка, саскочыла, тоўстым, рачулка, закрычала, снег, жаваранак &abstract = Чытаць апавяданне Яраслава Пархуты "Кропелька" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Кропелька ====== Аднаго разу, на зыходзе зімы, сонца прыгрэла мацней звычайнага, і на кончыку ледзяша, які звісаў са страхі, з’явілася Кропелька.\\ Зірнула Кропелька туды, зірнула сюды і абрадавалася. Ад зімовага сну абуджаўся гародчык, на прызбе сакаталі куры, у небе над хатай звінеў жаваранак. Толькі за вёскай яшчэ спала рачулка, скаваная тоўстым лёдам.\\ I рашыла Кропелька дапамагчы рачулцы. Доўга не думала, як гэта зрабіць, – узяла і саскочыла на дол.\\ На доле ў тым месцы яшчэ гурба ляжала. Кропелька правалілася ў снег, спалохалася і закрычала:\\ – Аёй! Ратуйце!\\ Яе ўчула Другая Кропелька, на дапамогу кінулася, але і сама правалілася ў снег і таксама закрычала:\\ – Гіну!..\\ Але тут саскочыла з ледзяша Трэцяя Кропелька і стала суцяшаць:\\ – Калі будзем трымацца разам, то не загінем, дабяжым да рачулкі.\\ I Кропелькі адна за адной, ланцужком, пабеглі з-пад снегу. Неўзабаве і на сцежку выбіліся.\\ – Куды гэта вы? Пачакайце! – гукнулі з падстрэшша новыя Кропелькі.– I мы з вамі!\\ Як бачыш, дагналі яны сябровак і прыстроіліся. Атрымалася ручаінка.\\ Ручаінка пазвоньвае на сонцы, бяжыць, стараецца, вуркоча, а прыбегла да рачулкі – жахнулася: яна ледзь жывая! Хоча скінуць ледзяныя аковы , а не можа. I тады Кропелька, што першай саскочыла з ледзяша, адшукала ў лёдзе трэшчынку і – туды. За ёй у рачулку ўліліся Другая і Трэцяя Кропелькі. Неўзабаве ўся ручаінка была там.\\ Налеглі дружна спадыспаду на лёд, і ён не вытрымаў – затрашчаў, на кавалкі раскалоўся. Рачулка ўзрадавалася і пабегла туды, дзе віднелася вялікая рака, яшчэ скаваная тоўстым лёдам.\\ Жаваранак пазіраў на ўсё гэта з-пад сонца і вызвоньваў:\\ – Вось што значыць у дружбе жыць! Вось што значыць разам адну добрую справу рабіць! I маленькая Кропелька вялікую сілу мае, заадно з іншымі!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-бомжык]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-снегавічок]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-птушыны-інтэрнат]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-журавы]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр]]