~~META: title = Яраслаў Пархута — Камароўка &keywords = плашчы, хусткі, рыбачок, пшчолы, мільгаюць, цёткі, ракаў &abstract = Чытаць апавяданне Яраслава Пархуты "Камароўка" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Камароўка ====== Заўсёды едзеш туды з нейкім радасным пачуццём.\\ ...I вось нарэшце ён, Камароўскі рынак. Мільгаюць каляровыя хусткі, пінжакі, плашчы, кофты. Не згледзіш нават, як трапіш у той палон і ідзеш не куды хочаш, а куды нясе цябе тая жывая плынь.\\ Раптам вуха выхапіць такое аб’ёмнае прастамоўнае слова, што захочацца спыніцца, як перад якім адкрыццём. Ды дзе там! За табою будзе шыліцца дзяцюк і басавіта некаму гудзець:\\ – А я ўзёў і тожа прымчоў. Між люду патаўчыса.\\ Маладзіца з-за прылаўка сароміць некага:\\ – Мед дарагі? А хіба ў нас пшчолы – каравэ? Яны ж такія, як і ў вас, пшчолы тыя...\\ Гэта ўжо не з-пад Маладзечна, гэта ўжо аднекуль з-пад Пінска. Але не паспееш азірнуцца, як іншым здзівішся:\\ – Даўней ліс быў то ліс! Елка ў елку. А дубіна! А бярэзіна! А тэпэр – солома, а не ліс!\\ Маларыцкага палешука пераб’е ўшацкі дзядок:\\ – А наша азяро – пашукаць не знойдзеш. Во такенныя шчупакі плодзяцца! А падвалоку ці заходнік возьмеш – куль ракаў мецьмеш. I кожны з лапаць. I ў кожнага кляшчотка такенная!..\\ «Ах, рыбачок, рыбачок! Выхваляўся б лепш у сваім паазер’і. I тых ракаў менш бы глуміў. Яны ж у Чырвоную кнігу занесены!..»\\ Пакуль думаеш, сказаць яму тое ці не – у новым свеце апынішся:\\ – Не хачу естачкі яблычка гэнага. Яно парукана!\\ – Абы не паротана! – перадражнівае маладая мама дачушку, дастае хусцінку і выцірае толькі што куплены яблык.\\ I раптам:\\ – А я ўзяўшы ўчора, і галава січас как цабэрак...\\ Ну, канешне, з-за Магілёва прыехаў! Дзівак. Не мог куфаль піва каўтануць, перш чым сюды перціся. Тады б не вісеў хмарай над сваёю цыбуляй, не скардзіўся б суседу...\\ А вось і цётка ледзь не крычыць сваёй сяброўцы, з якой, пэўна, даўнавата не бачылася:\\ – Чалавек мой палясоўшчыкам робя, а дачка – магазінершай!..\\ Сяброўка, абвешаная вязанкамі часнаку, таксама не хоча адставаць:\\ – А мая ў вучыцелькі падалася!..\\ Аднекуль на прагалак між цётак і дзядзькам, які «ўзяўшы ўчора», выкаціўся загарэлы, як баравічок, цыганчук і не па гадах дзелавіта прапанаваў:\\ – Дайце рубля – на пузе крутануся!\\ Але цёткі не чуюць. Цёткі заняты сваім. Не чуе і дзядзька. А базар – ажно ломіцца ад гародніны, кветак, садавіны, рознага вясковага дабра. Зноў мільгаюць твары, хусткі, плашчы. I галасы соцень людзей зліваюцца ў нястомную музыку. Нават забываеш, чаго ты тут, якая патрэба прывяла цябе сюды.\\ Спеўная мова твайго народа будзе чуцца і ў сне. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-птушыны-інтэрнат]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-бомжык]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-снегавічок]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-журавы]]