~~META: title = Яраслаў Пархута — Журавы &keywords = старога, глядзі, човен &abstract = Чытаць кароткую навелу Яраслава Пархуты "Журавы" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Журавы ====== Іх гнала ў нялёгкую дарогу восень. I яны плылі ў сіняй бездані, пасылаючы на зямлю сваю развітальную песню. Гэта журботнае «кру-кру» падала на чараты, на прыбярэжны лазняк і памірала, прыглушанае ўсплёскамі азёрнай хвалі.\\ Мы сядзім у чаўпе і моўчкі ўзіраемся ў неба. Я ведаю, што ў старога Андрэя шчыміць на сэрцы, і бачу, як вочы яго з сумам развітваюцца яшчэ з адным летам...\\ – Глядзі! Глядзі! – раптам схамянуўся стары.\\ Я разварочваю човен і заўважаю, як з глыбокага блакіту нібы хтосьці шпурнуў важака долу. Ён рыўкамі, як вялікі тапаліны ліст, асядае на сівы, спалавелы поплаў. А над важаком, збунтаваўшыся, кружаць і так тужліва курлыкаюць яго журавы...\\ – Не даляцеў. Падарваўся, – ціха, нібы сам сабе, гаворыць Андрэй.\\ Паспакайнелая хваля ўжо не гойдае човен. I сціхла ў вушах трывожная песня птушак. Толькі ледзь чуцён шэпт старога:\\ – У жорава такое здараецца на паўдарозе. I ў чалавека... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-снегавічок]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-бомжык]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-камароўка]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-птушыны-інтэрнат]]