~~META: title = Яраслаў Пархута — Дразды &keywords = дразды, пап’ю, траскацеў, чуеш, другі, вадзіцы &abstract = Чытаць кароткую навелу Яраслава Пархуты "Дразды" &iftrue = nan ~~ ====== Яраслаў Пархута — Дразды ====== Сонца прыгравала ў плечы. Зрэдку налятаў ветрык, прабягаў па верхавінах елак, і яны пачыналі сеяць на дол крылатыя семкі. Цішынёю і спакоем жыў лес. Ды раптам паблізу нехта свіснуў. Раз. Другі. Падумалася: мо хлапчукі прыбеглі? Ажно не. Пераклікаліся дразды.\\ – Чу-еш, чу-еш, чу-еш! – гукаў адзін.\\ – Чую, чую, чую! – далятала здаля.\\ – Дзе ты, дзе ты?\\ – Вось тут, вось тут!\\ – Ляці-ляці-ляці!\\ – Па-чча... пача... пачакай! Пап’ю вадзіцы. Вадзіцы пап’ю!\\ – Папі-папі-папі! – пагаджаўся той.\\ Недзе па другі бок бору пачуўся матацыклет. Ён, відаць, забуксаваў па раскіслай лясной дарозе, бо ўсё траскацеў і траскацеў.\\ – Ці чуеш? Ці чуеш? – занепакоіўся дрозд, што быў бліжэй да мяне.\\ – Ліха з ім! – адказаў напарнік. – Ляцім!\\ I дразды паляцелі. Я цяпер чуў толькі прыглушаны адлегласцю птушыны неспакой:\\ – Ці сіта ўзяў? Нясі сітам вадзіцу. Ва-дзі-цу!.. Я прыспешыў крок. Няхай дамаўляюцца. Іхняя пара! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[ibdc.ped>птушкі-шчасця]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]]