~~META: title = Ян Чачот — Песні і балады &keywords = Ян, Чачот, Зося, паэт, песня, балада &abstract = Песні і балады Яна Чачота. Беларускамоўныя творы Яна Чачота &iftrue = nan ~~ ====== Ян Чачот — Песні і балады ====== Зборнічак народных песняў 1846 г. выдання ў запісах Яна Чачота «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны, некаторыя [[слоўнік/прыказка|прыказкі]] на славянска-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай» (такая поўная назва зборніка) літаральна ашаламіў [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішка Багушэвіча]]. Асабліва ўразіла яго прадмова да песняў: што ні слова — то нібыта пра яго ці нават зварот да яго. [[постаці/ян-чачот|Ян Чачот]], разважаючы пра будучыню беларускай мовы, гаворыць пра неабходнасць укладання граматыкі і слоўнікаў: «Той, хто ўзяў бы сабе гэты клопат, заслужыў бы ўдзячнасць не толькі цяперашняга пакалення, але і больш пэўную ў будучым». Чачотава прадмова да зборніка народных песняў стала першай спробай зрабіць разгорнуты агляд асноўных моўных асаблівасцяў беларускіх гаворак. Ян Чачот меў цудоўны талент паэта-песенніка. Яго вершы лёгка клаліся на музыку, бо ён быў надзвычай чуйны да мелодыкі слова. Яго песня «Прэч, прэч, сум, нудота..» — бадзёрая, аптымістычная. Яе вельмі любіла моладзь. Твор быў напісаны Чачотам, паводле яго слоў, на матыў песні «крывічан» (тэрмін Яна Чачота): «Сем дзён малаціла, шастак зарабіла...» Ахвотна спявала моладзь і яго іншыя песні, што былі створаны на матывы беларускіх народных песень: «Бяду сабе купіла да за свае грошы», «Як не бачу Петруся, то я з ветру валюся». Песні прызначаліся для паэтавай каханай — Зосі Малеўскай, дачкі рэктара Віленскага універсітэта; Зосю кахаў і [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/тамаш-зан|Тамаш Зан]]. Песні гэтыя Зося выконвала на фартэпіяна, яны заўсёды сустракаліся віленскай моладдзю на вечарынах бурнымі воплескамі, а самога аўтара падымалі «на ўра», асабліва за тыя песні, што былі напісаны ім па-беларуску. Сваё захапленне песнямі Яна Чачота выказаў [[постаці/адам-міцкевіч|Адам Міцкевіч]] у лісце 27 лістапада 1819 г.: «Што мяне... узрадавала — прызнаюся табе па-філамацку — гэта твае песні, я бачу ў іх агромністы і хуткі прагрэс з часу твайго ўступлення на пісьменніцкую дарогу. Лёгкасць ды прытым агонь... пераўзышлі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе. Прэч з дарогі, Заны, прэч, Адамы! Не лянуйся, калі ласка, ты пішаш усё лепш...» Песні Чачот піша на беларускай мове нават у вязніцы, куды трапляе разам з іншымі [[слоўнік/філаматы|філаматамі]]. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Чачот пасля абвяшчэння яму прысуду спяваў сваю песню: Да лятуць, лятуць да дзікія гусі, Да нас павядуць да далёкое Русі. «Лёгкасць» і той «паэтычны агонь», пра якія казаў A. Міцкевіч, вялікі сябар Яна Чачота, — адметнасць яго паэзіі. І гэта пры ўсім тым, што ён быў першапраходцам у беларускай паэзіі, ён ішоў па цаліку, уздымаючы «сваю скібіну слова». Ніяк нельга пагадзіцца са сцверджаннем некаторых літаратура-знаўцаў, быццам «для Яна Чачота беларускія вершы былі практыкаваннямі на беларускай мове», што ён «выдаваў іх для нашчадкаў, асабліва для навукоўцаў-лінгвістаў». Нават калі і так, то зусім не благі клопат для кожнага самавітага прыстойнага чалавека, а тым больш — творцы. Ян Чачот сапраўды клапаціўся пра нашчадкаў, бо і нам прысвячаюцца, нашым душам і розумам адрасаваны яго радкі, у якіх і«лёгкасць», і «паэтычны агонь»: Гэй вы, хлопцы, Гэй, малойцы, Час за працу брацца — Досыць з Бахам знацца! Вам чало ўвянчае Край, што так чакае Вашых слаўных дзеяў: Вы — яго надзея!... Вам навукам, працы Трэба ўсім аддацца! Каб не змарнавалі Час і не праспалі. Ключ да шчасця — знаю — Ў клопаце аб краю! Гэта і нам наказвае Ян Чачот: Сейце без прынукі Вы святло навукі. ... Кожны з нас айчыне Паслужыць павінен. Свету, добрым людзям — Славу так здабудзем. Афарыстычна сфармуляваны Янам Чачотам духоўны тэстамент: Будзе той каханы, Лаўрамі ўвянчаны, Хто працуе ў поце, Дбаючы аб цноце, Каб вярнуць, браты, Век наш залаты! («Гэй, малойцы!») Да нас дайшло няшмат беларускамоўных твораў Чачота (каля 30 вершаў, змешчаных у шасці тамах беларускіх народных песень). Бясспрэчна, самую большую каштоўнасць з яго спадчыны ўяўляе менавіта [[слоўнік/фалькларыстыка|фалькларыстыка]]. У беларускай фалькларыстыцы Ян Чачот — «постаць, можна сказаць, першай велічыні... Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста», — сцвярджае К. Цвірка. З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую каштоўнасць уяўляюць і яго балады, напісаныя на польскай мове. Сучаснаму чытачу яны вядомы ў выдатным перакладзе на родную мову Уладзіміра Мархеля. Вядомы польскі вучоны Станіслаў Свірка ў 1958 г. пісаў, што «...тыя «песенькі» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці». Адам Міцкевіч быў вельмі ўдзячны свайму сябру. Нездарма, прысвячаючы сваю першую, сапраўды праграмную кнігу «Балады і рамансы» сябрам-філаматам, першым сярод іх ён назваў імя Яна Чачота. Паэта цікавіць мінулае роднага краю. Захапленне самым! Значнымі постацямі мінуўшчыны, асабліва Львом Сапегам, які спрычыніўся да Статута ВКЛ, вывучэнне летапісаў і хронік натхніла Яна Чачота на стварэнне балад. У іх ён выявіў сваё разуменне гісторыі, свой светапогляд: Горш няма, чым сварка дома, Брат ідзе на брата, Пэўна ўжо ад калатнечы Прападзе іх хата. Так пачынаецца балада «Разлад Вітаўта з Ягайлам», у якой Ян Чачот акцэнтуе ўвагу на тым, што разлад паміж Вітаўтам і Ягайлам скарысталі ворагі: «крыжакі прыйшлі адразу ў дом іх для расправы». Выснова паэта, што мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння, выяўлена ў апошняй страфе: Тут навука для нашчадкаў Хай заб'е трывогу: Хто ж ваюе дома й кліча Ворага ў падмогу! Балады Яна Чачота цікавыя да ўсяго яшчэ і асобасным яго «прачытаннем» гісторыі і гістарычных крыніц. Усе творы Яна Чачота — сапраўды беларускія. І не толькі тыя, што напісаны на беларускай мове, але і польскамоўныя. Беларускія — сваім пафасам і праблемамі, якія вырашае ў іх паэт, і выключна нацыянальным матэрыялам і каштоўнасцямі, якія ён сцвярджае. Прайшоўшы праз турмы і ссылкі, да канца сваіх дзён Ян Чачот застаўся верным беларускаму народу, яго культуры і мове. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-свіцязь]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-паэзія-30-40-гг-хіх-ст]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-о-ты-край-мой-нешчаслівы]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-яжовыя-імяніны]] * [[постаці/ян-чачот]]