~~META: title = Ян Чачот — Наваградскі замак &keywords = Чачот, Наваградскі, замак &abstract = Чытаць баладу Яна Чачота "Наваградскі замак" &iftrue = nan ~~ ====== Ян Чачот — Наваградскі замак ====== Наваградскі замак1 1 Ёсць людзі, якія нічога убачыць\\ У свеце не ўмеюць душою.\\ Што воку адчыніцца, так і тлумачаць\\ Усё, нават «дзіва» любое.\\ А іншыя толькі душы сваёй зрокам\\ На свет і глядзяць мігатлівы.\\ Там бачаць, дзе пуста, дзе ўсё-ўсё пад змрокам,\\ І ўсюды ім мрояцца дзівы.\\ 2 Каб гэтакіх я памірыў між сабою\\ (Не раз чуў між імі я звады),\\ Каб унаравіў ім хоць гэтай сваёю\\ Баладай — быў вельмі б я рады.\\ О Божа, зміры іх — забудзьма праклёны!\\ Хай з розумам сэрца сябруе:\\ Вы верце, калі што вам кажа вучоны —\\ Збірае ж ён мудрасць людскую.\\ 3 Было гэта ў горадзе слаўным Міндоўга2 —\\ Вякоў найдалёкіх здарэнне:\\ На Замкавай ціхай гары колісь доўга\\ Я слухаў сцен даўніх каменне.\\ Дзве вежы вякі тут збіраюць на веча —\\ Паслухаць іх спыніцца кожны.\\ Руіны царквы ажываюць штовечар —\\ Ад зданяў трасецца набожны.\\ 4 Дзе продкі калісь — не зайздросцьце іх долі —\\ У бойках сцякалі крывёю,\\ Студэнцкія нашы гады у сваволі\\ Прабеглі сваёй чарадою.\\ Мы ведалі мячык ваўняны — не кулі,\\ Палянты ўсяго — не гарматы.\\ Гулялі, вясёлыя, дзе ў каравуле\\ Калісьці стаялі салдаты.\\ 5 Калі яшчэ дзесь пры Казіміры Яне3 \\ Прыйшоў сюды Карл найшалёны4 \\ І ўзяўся паіць дол крывёю, паганец,\\ Знішчаючы нашы плямёны,\\ А цар той з усходу ліў кроў гэтаксама,\\ Пакуль ён з Чарнецкім5 не стрэўся,\\ О колькі тут гора, дзе сённяшні замак\\ І далей, — наш люд нацярпеўся!\\ 6 І сёння расказваюць людзі старыя,\\ Як шведы людзей нашых клалі\\ На воз, бы снапы, і жардзінай, ліхія,\\ Як толькі маглі, прыціскалі.\\ А дзетак маленькіх стаўлялі за лавы\\ І лавай душылі пад крык іх.\\ Такія во страшныя гулі-забавы\\ Былі у тыранаў тых дзікіх.\\ 7 Напэўна, яны мелі цвёрдыя сэрцы,\\ Паўночныя тыя гіены.\\ На сорам нашчадкам сваім, людажэрцы,\\ Такія ўчынялі тут сцэны.\\ Дасюль у зямлі нашай скарбаў нямала —\\ Хто кожны ўскапае дзядзінец?\\ Рука іх чыясьці у спеху хавала,\\ Калі лютаваў тут чужынец.\\ 8 У час, як пад Слонімам вёў з чужакамі\\ Чарнецкі свой рэй неласкавы,\\ Дым па-над Наваградкам віўся клубамі,\\ Людзей выразаў швед крывавы.\\ Дагэтуль не знаў замак здрады ніколі,\\ Ды сталася ж раптам такое,\\ Калі тым жа часам каханне міжволі\\ Укралася ў сэрца ліхое.\\ 9 У шведку адну быў сам князь закаханы —\\ А быў палкаводцам у краі.\\ Ах, ганьба таму, хто, пачуццям адданы,\\ Свой край на дзяўчыну мяняе.\\ Каханкаю першаю нашай — айчына,\\ Ёй служым, яе мы шануем,\\ Другая ж каханка — вядома ж, дзяўчына,\\ Якую кахаем, мілуем.\\ 10 Ужо тая хітрая шведка, якую\\ Так князь пакахаў бесталковы,\\ З сваімі на тайнай нарадзе мяркуе,\\ Як выманіць князя са сховы.\\ І вось абяцае яму, што да шлюбу\\ З ім пойдзе, калі ён здасць замак,\\ Які аніколі не дасць яна ў згубу,\\ Наваградак людны — таксама.\\ 11 Не знаю, адкуль ён, з якога ён роду —\\ Відаць не ліцвін, не з палякаў:\\ У нас і не бачылі гэтакіх зроду —\\ Хутчэй з чужаземных ваякаў.\\ Ён шведам аддаў грозны замак без бою,\\ І вось яны замак руйнуюць.\\ Ваду, што яго амывала сабою,\\ Спусцілі — ўсё нішчаць, рабуюць.\\ 12 Тут сёння шкілет толькі замка здалёку\\ І ўбачыш. На доле — гармата.\\ Маленькі струмень яшчэ сочыцца збоку.\\ О Божа, якая то страта!\\ Са смуткам абломак той наваградчане\\ З падножжа наверх ускацілі.\\ І даўняя з бронзы гармата там стане,\\ Дзе земства у гэтай во хвілі.\\ 13 Прахожы, ты бой гэткі жорсткі, крывавы\\ Адно на паперы мо бачыў.\\ Калі пачынаеш ты важныя справы,\\ Зарок жа дай шчыры, гарачы:\\ Жыць вечна у згодзе, а раптам са звадай\\ Палезе сусед незычлівы,\\ Хоць не засмуці анікога ты здрадай —\\ Ці ж можа быць здрайца шчаслівы?\\ 14 О людзі, каму шчыра зычу я згоды,\\ Паверце мне, хоць не стары я:\\ Роў гэты быў высах у даўнія годы\\ Праз шведкі той чары ліхія.\\ Як чуў, вам паведаў пра гэтыя дзівы —\\ У сметнік жа кіньце ўсе звады!\\ Калі б памірыў я вас, быў бы шчаслівы,\\ Я вашай бы згодзе быў рады! 1. Наваградскі замак — унікальны помнік абарончага дойлідства Х-ХVІ стагоддзяў, старажытны цэнтр Наваградка. У пачатку ХVІІІ ст. быў узарваны шведамі.\\ 2. Маецца на ўвазе Наваградак, які быў рэзідэнцыяй вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Міндоўга (каля 1200-1263). У 1253 (паводле іншых звестак — у 1252 г.), прыняўшы тытул караля, Міндоўг каранаваўся ў Наваградку.\\ 3. Ян Казімір з дома Вазаў (1609-1672) — польскі кароль, вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага.\\ 4. Як відаць, маецца на ўвазе Карл Х Густаў (1622-1660) — шведскі кароль (з 1654). Яго агрэсіўная знешняя палітыка прывяла да вайны з Польшчай, Даніяй, Расіяй (Паўночная вайна 1655-1660; руска-шведская вайна 1656-1658).\\ 5. Стэфан Чарнецкі (1599-1665) — польскі военачальнік. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-яжовыя-імяніны]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-о-ты-край-мой-нешчаслівы]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-песні-і-балады]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-паэзія-30-40-гг-хіх-ст]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-свіцязь]]