~~META:
title = Ян Чачот — Мышанка
&keywords = Мышанка, Чачот
&abstract = Чытаць баладу "Мышанка" Яна Чачота
&iftrue = nan
~~
====== Ян Чачот — Мышанка ======
Хадкевіч Кароль1 не займеў яшчэ Мышы,\\
Далёка ўжо час той, далёка! —\\
Яшчэ без імя у лясной гэтай цішы\\
Рака булькатала ў асоках,\\
\\
Калі жыў ліцвін тут, што Мышкам быў званы —\\
Дамок з заімшэлай страхою.\\
Бядняк, але быў ён гасціннасцю знаны,\\
А болей — красуняй-дачкою.\\
\\
Адсюль недалёка, над светлай ракою,\\
Над чыстым, дагледжаным ставам,\\
Дзе замчышча сёння у хвоях старое,\\
Быў замак, што ленным тут правам2\\
\\
У князя быў выслужыў рыцар адданы —\\
Відаць,. са шчасліваю доляй.\\
Быў вельмі заможны ён і паважаны,\\
Як рэдка ў Літве ў нас хто болей.\\
\\
Прыгожы і стройны, вясёлы заўсёды,\\
Блукаў на кані, ён па краі.\\
Скакаў, паляўнічы, ён у Цепліводы3\\
Кружыў па Казінавым гаі.\\
\\
Аднойчы ён стрэў над ляшчынай густою\\
Красы найдзівоснай дзяўчыну,\\
Што ў кошык арэхі ў лясным супакоі\\
Зрывала, нагнуўшы галіну.\\
\\
Бліжэй падышоў. I так шчыра вітае,\\
Пра імя даведацца хоча.\\
Яна, адказаўшы, уніз апускае,\\
Нясмелая, сціплая, вочы.\\
\\
Падумаў сабе ён: напэўна, прастачка,\\
Ён лёгка яе ашукае.\\
Памкнуўся абняць, ды яна — ну й дзівачка!\\
Наўцёкі, ратунку гукае.\\
\\
Браты дзесь далёка — ці ж іх дазавецца?\\
А ён даганяе і з ходу\\
Хапае дзяўчыну. Яна, хоць, здаецца,\\
Была і не слабай ад роду,\\
\\
Не можа тут вырвацца — божа наймілы!\\
Ну, як жа ёй абараніцца?\\
Ёй страх, злосць і сорам патройваюць сілы,\\
Змагаецца, быццам бы львіца.\\
\\
А ўсё ж ён дужэйшы! Якая хвіліна —\\
I рыцару здасца ўсё роўна,\\
Ды пхае яго і хапае, дзяўчына,\\
Каня тут за цуглі раптоўна.\\
\\
Конь вырвацца хоча, яна ж яго ўмела\\
Суцішвае ўміг, чараўніца.\\
За грыву бярэцца, ускаквае смела —\\
I вось на кані ўжо імчыцца.\\
\\
Тут рыцар убачыў слугу і без слова\\
Каня у яго вырывае.\\
Ён птушкай — ці поле, ці луг, ці дуброва —\\
За ёй, маладзён, улягае.\\
\\
Імчыцца дзяўчына, імчыцца без духу,\\
А рыцар — за ёю, за ёю,\\
А вецер аж свішча ў яе каля вуха,\\
Каса за плячамі — змяёю.\\
\\
На бераг ракі во яна прылятае,\\
Конь стаў тут, б’е ў дол капытамі.\\
I далей — ні крону, зямлю узрывае,\\
Варочае страшна бялкамі.\\
\\
Ды фыркае, кружыць, кідаецца ў бокі,\\
А тут і пагоня далінай\\
Узвіхрыла пыл, ад яе ўжо тры крокі...\\
Саскоквае долу дзяўчына.\\
\\
Ды ў хвалю рачную з разгону нырае —\\
Хутчэй жа, хутчэй ад пагоні!\\
Юнак жа — услед. Сілы ёй не хапае.\\
Штохвілі слабее і — тоне!\\
\\
Схавалася ў цёмнай вадзе з галавою —\\
Юнак даплысці ці здалее?\\
Не ўспеў! Толькі хвалі бягуць чарадою.\\
Чысцюткая згасла лілея!\\
\\
Юнак! Што ж тваё нарабіла жаданне?\\
Даць згінуць душы найпрыгожай,\\
Так вартай найлепшай пашаны, кахання!\\
Ну, хто дараваць гэта можа?..\\
\\
Дазналіся людзі, да плыні святлістай\\
Падбеглі, у смутку пасталі...\\
У гонар, дзяўчыны, душы яе чыстай\\
Мышанкаю рэчку назвалі.\\
\\
А рыцар над тою ракой ціхаплыннай\\
Паставіў мястэчка навечна\\
I Мышшу назваў яго — ў памяць дзяўчыны,\\
Што так загубіў недарэчна.\\
\\
Яна ж перад Юр’ем на бераг з-пад раскі\\
Выходзіць заўсёды вясною,\\
I скрозь расцвітаюць тады з яе ласкі\\
Мінушкі4 — іх любяць гурмою\\
\\
Дзяўчаты збіраць ды, спяваючы песні\\
Пра сонца і шчасце на свеце,\\
Віць шчыра вяночкі з іх, красак тых весніх,\\
Што потым на мшы ўжо асвецяць.\\
\\
Паслужаць мінушкі дзятве ад сурокаў\\
Мо чараўніка, чараўніцы.\\
Хай прымхі ўсё гэта ды іншае вока\\
Ў іх знойдзе жыцця таямніцы...\\
\\
У час, калі ноч зорны свет расхінае,\\
Пры месяцы бачу здалёку,\\
Як лёгкім зефірам тут перабягае\\
Дзяўчына раку у паўзмроку.\\
\\
Угледзь яе постаць у мроіве мглістым —\\
Імгла ж ля дзяўчыны святлее.\\
Сама ж яна толькі мо душам найчыстым\\
Адкрыецца — твар, што лілея.\\
\\
Сюды ўсе дзяўчаты раней прыбягалі,\\
Сваёй давяраючы цноце.\\
У час мой яны ўжо радзей тут бывалі —\\
Жывуць яшчэ прымхі ў прастоце.\\
\\
Мо, ў памяць аб даўнім хлапцы і дзяўчаты\\
На Юр’я па сёння ў сваволі\\
Уранку з зарою — усе любяць святы —\\
Прыносяць прысмакі на поле.\\
\\
Смяюцца, дурэюць, прысмакі з’ядаюць.\\
Калі ж тут, за трункам старыя,\\
На межах пасеўшы ўкруга, пачынаюць\\
Расказваць пра дзеі былыя,\\
\\
Качацца з пагорка ўся моладзь імчыцца.\\
Калі да дзяўчыны каторай\\
Хто з хлопцаў прыкоціцца, з ёю як быццам\\
I да алтара пойдзе скора.\\
\\
I праўдзяць варожбы, бо хто ж паімкнецца\\
3 пагорка таго да нямілай!\\
А тая ж, што ў мроі ўвайшла ўся і ў сэрца,\\
Пацягне магнітнаю сілай...\\
\\
Яшчэ ёсць аповесць. Хто Мыш найдаўно тут\\
Закладваў, сказаў нечакана:\\
«Дам селішчу імя той першай істоты,\\
Што заўтра мне стрэнецца рана».\\
\\
Назаўтра у бок Цепліводы паволі\\
Дарогай паехаў ён конна.\\
Аж бачыць тут: выбегла мышка на поле\\
3 кустоў, назірае здзіўлёна.\\
\\
Аповесць во гэтая звязана з тою;\\
Ды толькі там мышка другая!\\
О, кожны хацеў бы спаткацца з такою\\
Пад голлямі спеўнага гаю!\\
\\
Яе павітай толькі шчыра, пачціва,\\
Як шчыра вітаў я, бывала,\\
Ды пагамані, як з сястрою, зычліва,\\
3 увагай, пашанай, без шалу.\\
\\
Бо ёсць жа дзяўчаты, якія заўсёды\\
Лепш кінуцца ў вір галавою,\\
Чым імя заплямяць за міг асалоды:\\
Як жыць потым з ганьбай такою?..\\
\\
О мілы ўспамін! Дарагая Мышанка!\\
Зноў снішся ты ў барве заранак.\\
Найпершая ў свеце мая ты каханка,\\
Мільгнуў тут жыцця майго ранак.\\
\\
Мае ўсе тут гульні, блуканні, забавы,\\
Высочваў я рыбку тут днямі,\\
Траву нёс кароўкам, рваў кветкі, рухавы,\\
Тут «біўся» не раз з «казакамі».\\
\\
У чыстым крышталі тваім тут, здзіўлёны,\\
Я бачыў тады пад вадою\\
Чародку альшын, бор, узгорак зялёны,\\
Сябе — і ўсё ўніз галавою.\\
\\
Тут час пралятаў мой, нам, дзецям, з табою\\
Так міла было і цікава.\\
Як рады былі, калі крыгі вясною\\
Ішлі тут — за лаваю лава!\\
\\
Тады, у маленстве, калі я, шчаслівы,\\
У твае углядаўся крышталі,\\
Не знаў, што ўжо ў сэрца —
о час наш імклівы! —
Яны мне навечна запалі.\\
\\
Сум, радасць — як воблакі, тут праплывалі,\\
Раіліся чыстыя мары.\\
Вучылі нас думаць, рака, твае хвалі\\
I родных палеткаў абшары.\\
\\
3 людзьмі жывучы, ад людзей о як многа\\
Бярэш ты і ў сэрца, і ў голаў.\\
Як і ад ракі той, ад гэтых разлогаў,\\
Ад жыта, што спее наўкола.\\
\\
Я жыў той красою — у часе прымглёным,\\
Красе ўсёй, пачуццям высокім\\
Я толькі пасля пазнаходзіў імёны\\
У свеце шматфарбным, шырокім.\\
\\
Не знаю, дзе буду, памру дзе, не знаю,\\
Ды ўдзячны зямлі я, дзе вырас,\\
Я ў думках лячу зноў да роднага краю,\\
Здалёк мне відаць яго вырыс.\\
\\
Мышанка мая! За ўсе краскі, за тое,\\
Што жыў тут, табою прыгрэты,\\
За светлае ранне сваё залатое,—\\
Прымі ж ты вянок мой во гэты.
\\
1. Хадкевічы – магнацкі род на Беларусі, ва ўладанні якіх і было мястэчка Мыш;\\
2. Леннае права – сярэдневяковыя праўныя звычаі, якімі рэгуляваліся ўзаемныя адносіны паміж землеўласнікам і васалам;\\
3. Цяпліводы – вёска ў былым Нава.г.радскім павеце; цяпер – Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці;\\
4. Мінушкі – «Plantago major. Бабка» (Я. Ч.) – подорожник.
===== Падобныя старонкі =====
* [[творы/ян-чачот/ян-чачот-свіцязь]]
* [[творы/ян-чачот/ян-чачот-яжовыя-імяніны]]
* [[творы/ян-чачот/ян-чачот-паэзія-30-40-гг-хіх-ст]]
* [[творы/ян-чачот/ян-чачот-песні-і-балады]]
* [[творы/ян-чачот/ян-чачот-о-ты-край-мой-нешчаслівы]]