Гэта старая версія дакумента!
Ян Чачот — Да мілых мужычкоў
Ды і я вам памагу
Песеньку спяваці,
Ды і я ж між вамі ўзрос
Пры бацьку і маці.
І мне Бог на свеце даў
Гора гараваці,
Штобы лепш я вас любіў
І ўмеў спагадаці.
Ой, што ж вы напелі тут,
Ды якога дзіва!
Шкода, што на голас ваш
Старонка драмліва.
Але як прачнецца з сну
Гэта Дабрадзейка,
Пэўна, будзе слухаць вас
Лепш, як салавейка.
Будзем колісь так і мы,
Як тыя гуралі,
Што пан даў ім есць і піць,
Яшчэ й грошы бралі.
Трэба толькі слухаць нам
Рады таго татка,
Што то казаў гараваць,
Каб аджыла хатка.
Толькі, мусіць, той сынок
Не піў, як мы, водкі,
А то б яму вялеў ён:
Кінь і мёд салодкі.
Ой, гаруйма, братцы, мы,
Кіньма горку жлопель,
Што не з жыта гоняць ўжо,
А з аўса, з картопель.
Кіньце першы, жонкі, вы,
Мілыя дзяўчаты,
Доля, шчасце зачне жыць,
Дзе цвяроза хата.
Благаславіць будзе Бог
Ў каморы, аборы,
І не будзе такі люд
Бяссільны, як хворы.
Ой, каб колісь нам дажыць
Да такой паправы,
То запеў бы з вамі я,
Што нам Бог ласкавы!
Падобныя старонкі
- ян-чачот/ян-чачот-свіцязь
- ян-чачот/ян-чачот-о-ты-край-мой-нешчаслівы
- ян-чачот/ян-чачот-яжовыя-імяніны
- ян-чачот/ян-чачот-песні-і-балады
- ян-чачот/ян-чачот-паэзія-30-40-гг-хіх-ст