~~META: title = Ян Баршчэўскі — Жабер-трава &keywords = адольф, шылка, возера, жабер-траву, месца, сонца, лісцік, дарогі &abstract = Чытаць апавяданне адзінаццатае "Жабер-трава" з кнігі Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" &iftrue = nan ~~ ====== Ян Баршчэўскі — Жабер-трава ====== – Жыў некалі ў гэтым краі абазнаны цыган Шылка, які ведаў сілу духаў, што маюць уплыў на людское здароўе, лекаваў хворых, выведваў таямніцы лесу, прадказваў будучыню. Варожачы, ніколі не памыляўся, а таму адусюль сыходзіліся да яго параіцца старыя і маладыя.\\ Увечары, пакуль яго сям’я, што разышлася па наваколлі, збіралася ў шацёр, ён раскладваў розныя сухія зёлкі, што дапамагаюць жывёле і людзям, і калі ўрупіўся ў сваю працу, малады чалавек, якога звалі Адольф, ціха падышоў і перапыніў яго маўчанне:\\ – Як маешся, Шылка! Прыйшоў да цябе даведацца, які мяне лёс чакае, якая будучыня ў Альмы і што яна пра мяне думае?\\ Шылка ўзяў Адольфаву руку, нахмурыў лоб і, моўчкі гледзячы колькі хвілін на далонь, ківаў галавою і паціскаў плячыма: нарэшце глянуў яму ў вочы і сказаў:\\ – Не пытайце, пане, ні пра лёс Альмы, ні пра сваю будучыню.\\ – Чаму? Хачу ведаць, хачу як найхутчэй сарваць заслону з вачэй.\\ – Прыкладзі да скроні жабер-траву. У такія маладыя гады спадзе з вачэй сатканая з пекных колераў заслона, што закрывае ад цябе будучыню.\\ – Хачу мець гэтую траву.\\ – Маеш шмат цікавасці, але ці столькі ж у цябе адвагі? – спытаўся Шылка.\\ – Скажы, дзе расце – дайду і апоўначы, і сярод дзікіх звяроў.\\ – Ідзі туды, дзе бачыш з левага боку дзве пясчаныя гары, а ўнізе, на імшарыне, растуць дробныя бярозы і вербы. Бераг возера парос густым трысцём, а на тым месцы, адкуль пачынаецца галявіна, убачыш палю: вытыркаецца з-пад вады, нібы шчогла, рыбакі зрабілі гэты знак на возеры, каб ніхто блізка гэтага месца не лавіў рыбу, бо заўсёды пасля нерат парэзаны, нібыта нажом.\\ Там з глыбіні вытыркаюцца велізарныя вострыя камяні, а сярод іх – ясная, як зорка, свеціцца пад вадою жабер-трава. Дух Фарон зладзіў там сабе жытло, упадабаў ён гэтыя зёлкі. Калі ціхае надвор’е і яснае паўдзённае сонца свеціць на небе, ён, самотны, сядзіць у глыбіні, абапёршыся правай рукою на дзікі камень і пазіраючы на ясную жабер-траву, засынае ў чароўных малюнках будучыні.\\ Калі сядае сонца, гэты дух пакрывае жабер-траву моцнаю сеткаю з раслін, якія там, накшталт хмелю, спляліся вакол дзікіх камянёў так, каб рыбы і вірлівая вада не маглі калыхнуць яе лістоты. Сам жа выходзіць з возера, на вадзяных туманах выплывае ў поле, наведвае лагі і ўзлескі.\\ Заўтра, калі воблакі не схаваюць сонца і возера будзе спакойнае, як шыба, у самую спякоту (дапільнуй гэтую хвіліну) зайдзі ў возера і ідзі пад вадою да самага Фаронавага прытулку: ён будзе спаць, абапёршыся на камень, а адкрытая жабер-трава – свяціцца на сонцы. Сарві лісцік, але не вяртайся назад, бо трэба перайсці ўсё возера. На другім баку, прыклаўшы жабер-траву да скроні, хутка ўбачыш дзівы і даведаешся сваю прышласць.\\ – Ці ж я рыба, – сказаў Адольф, – каб здолеў перайсці пад вадою ўсё возера?\\ – Трымай вось гэта ў роце, і нічога благога з табою не будзе.\\ Кажучы так, Шылка даў яму кавалачак нейкае кары.\\ Паўдня. Адольф усе глыбей заходзіў у ваду, нарэшце схаваўся зусім. Праходзячы там, дзе жывуць нямыя і халодныя стварэнні, ён страчаў дзіўных стогаловых і станогіх празрыстых істотаў, якія прачыналіся ад здранцвення, узнімалі плечы і зноў засыналі на дне. Калі падышоў да месца, убачыў жабер-траву. Як крышталь на сонцы, адбівалі яе лісцікі яркае святло, а дух Фарон, схаваўшыся ў зеляніне і абапёршыся на камень, адпачываў, нагадваючы вялізны куст багавіння. Над ім і над жабер-травою мітусіліся тысячы вадзяных істотаў. Адольф сарваў лісцік і, не будзячы духа, пакінуў гэтае месца і пайшоў далей.\\ Выбраўшыся з вады, дыхнуў на поўныя грудзі, выйшаў на другі бераг возера, адпачыў на зялёнай лугавіне і, прылажыўшы да скроні халодны лісцік жабер-травы, умомант адчуў у сабе перамены: перад яго вачыма з’явіліся зусім іншыя краявіды.\\ Там, на пагорку, сярод бярэзін стаяў мураваны касцёлік, – а цяпер ад дрэў тых толькі пянькі тырчаць з зямлі, касцёл у руінах, без дзвярэй і даху. Дзе была вёска – цяпер пустка, дзве толькі засталіся старыя грушы, якія нядаўна ён бачыў у садзе. Тут жа, ля яго, некалі каласілася буйное жыта – цяпер тая ніва пакрыта дзікаю травою, быццам некалькі гадоў не бачыла ратая.\\ Трывога агарнула яго сэрца; адышоўся ад возера і пайшоў далей аглядаць тую ваколіцу, якую колькі дзён таму перамераў нагамі са стрэльбаю за плячыма, і ўсюды бачыў вялікія перамены.\\ Зайшоў далёка, забыўся, якой дарогаю вяртацца, а сонца ўжо нізка. Ідучы хуткай ступою, пазіраў, ці не сустрэнецца дзе чалавечае жытло, каб адпачыць, пераначаваць ды распытаць, у які край заблукаў.\\ Калі дзень ужо патух і густы змрок лёг на лагі, Адольф падышоў да зусім незнаёмае вёскі. Каля аднаго дома грала музыка, скрыпач і дудар выціналі вясёлы танец, а некалькі маладзёнаў скакалі на вольным паветры.\\ Адольф, стаўшы непадалёку, глядзеў на танцораў. І тут ён пачуў, як колькі пажылых незнаёмых людзей так гаманілі між сабою:\\ – Ці не сорам ім скакаць? – сказаў першы. – Цяпер такія цяжкія часіны! Усюды нястача.\\ – Думаеш, яны маюць душу? – кажа другі. – Кажуць часам добра, а робяць зусім інакш, не разумеюць, што гэта кара Божая.\\ Сустрэча гэтая так уразіла Адольфа, што ён не мог ім і слова сказаць. Хутчэй пакінуў гэтую мясціну, абмінуў усе хаты і заначаваў у карчме пры вёсцы.\\ На ўзыходзе сонца ён падрыхтаваўся да падарожжа, паведаміў гаспадару, дзе жыве, і запытаўся ў яго, якою дарогаю трэба яму вяртацца дадому.\\ – Першы раз чую пра гэты край, – адказаў той, – відаць, пан жыве дзесьці далёка ад нас.\\ Здзіўлены Адольф пачаў распытваць вяскоўцаў і ад усіх чуў тое самае, што ўжо паведаміў яму карчмар. Тады падрыхтаваўся да далёкага падарожжа: купіў на некалькі дзён ежы і з кульбакаю за плячыма пайшоў далей, кіруючыся на поўдзень.\\ Тым часам надвор’е перамянілася. Загрымела ў небе, і Адольф убачыў чорныя хмары, падзьмуў вецер; не бачачы блізка ля дарогі чалавечага жытла, ён паспяшаўся ў лясны гушчар, каб хоць пад шатамі ялін схавацца ад залевы.\\ Бачыць там нейкага старога. Сядзеў ён на спарахнелым пні, угары шумелі хвоі, а на галаве яго вецер кудлаціў белыя валасы. Падышоў бліжэй і, угледзеўшыся добра, пазнаў цыгана Шылку. Стары падняўся і, кланяючыся, сказаў:\\ – Дзень добры, пане Адольф!\\ – Ах! Гэта ты, Шылка! Ледзь пазнаў цябе. Чаму ты так хутка пастарэў?\\ Колькі дзён таму назад бачыў цябе, дык не меў ты яшчэ сівізны на галаве, а цяпер – валасы як малако.\\ – Не, пане Адольф, не колькі дзён таму. Ужо мінула больш за дзесяць гадоў, як ты мяне бачыў. Скажы, паніч, куды ідзеш?\\ – Не ведаю, дзе мой дом, дзе я цяпер, куды выведзе гэтая дарога, і неба хаваецца за хмары, і навальніца над галавою.\\ – Не хутка будзе такое добрае надвор’е, якое было тады, як я апавядаў табе пра жабер-траву і пра духа Фарона. Панскі дом далёка, знаёмыя і прыяцелі ўжо рэдка ўспамінаюць тваё імя, мяркуюць, што даўно развітаўся ты з гэтым светам.\\ – Скажы ж мне, Шылка, якою дарогаю ісці мне дахаты?\\ – Ідучы праз гэты дзікі лес, убачыш тры дарогі. Злева і справа – шырокія шляхі, а між імі – вузкая і ўтравелая сцежка, што ідзе праз камяністае поле і цёмныя пушчы. Не бойся ісці далей па гэтай вузкай сцежцы, не глядзі на шырокія дарогі злева і справа. Раскажу, што сустракаюць людзі, якія едуць і ідуць туды, каб падарожнічаць з выгодамі.\\ Леваруч цудоўныя малюнкі чаруюць вока. Зелянеюць пагоркі, на дрэвах даспявае салодкая садавіна, лугі раскашуюць духмянымі краскамі, азёры спакойныя і ясныя, як люстэркі, у вадзе люструюцца воблакі і дрэвы, што растуць на беразе, звіняць крыніцы, чыстыя, як крышталь, і гамоніць ад подыху лагоднага ветрыку лістота ў пекных гаях.\\ Але там на лугах і ў гаях гуляюць русалкі, на галовах у іх пекныя вянкі з валошак, вусны іх каралавыя, вочы ясныя, доўгія валасы падаюць на плечы, яны ветліва страчаюць вандроўнікаў. Адны з іх – легкадумныя, заўсёды вясёлыя, скачуць і спяваюць, вабяць да сябе, смешаць жартоўнаю гаворкаю, завабліваюць у цёмныя лясы; заблукаўшы там, няшчасны падарожны ніколі не выйдзе на дарогу. Іншыя – маркотныя, у вачах меланхолія, словы іхнія хвалююць, пяшчотныя песні раняць сэрца, як страла, акунаюць думкі ў смутак і, давёўшы гэтымі чарамі да роспачы, уцякаюць прэч.\\ Праваруч – высокія горы, а на іх – велічныя замкі, там шмат золата і срэбра, гаспадары гэтых гмахаў пагарджаюць беднасцю і пакутамі, але і самі пакутуюць, бо апоўначы ў іх салонах скачуць шкілеты, мучачы лютым страхам і гасячы ўвесь бляск велічы.\\ Дык бывай, пане, не магу я ісці з табою, бо кіруюся ў супрацьлеглы бок.\\ Сказаўшы гэта, Шылка закінуў за плечы кульбаку і пайшоў павольнаю ступою.\\ Адольф заходзіць у лес. Дзень быў хмурны, вецер шумеў у густых галінах; юнак задумліва ўспамінаў мінулае, якое здавалася яму ўчарашнім днём. Выняў лісцік жабер-травы, які нёс з сабою загорнуты ў паперу, падзівіўся з незразумелае яго сілы, пашкадаваў, што адважыўся ісці ў падводную краіну да духа Фарона, убачыў, да чаго давяло яго жаданне ведаць будучыню, схаваў зноў свой лісцік, уздыхнуў і пайшоў далей.\\ Прыйшоў на тое месца, пра якое апавядаў Шылка, і, не глянуўшы на дзве шырокія дарогі справа і злева, пайшоў вузкаю сцежкаю праз камяністыя палі і цёмныя пушчы.\\ Ішоў самотны, не меў каму і слова сказаць. Рэдкі чалавек насмеліцца ісці праз гэтае месца; бачыць толькі, як перапалоханы дзікі звер хаваецца ў гушчары, чуе толькі стук дзятлаў на сухіх хваінах і крыкі соек.\\ Прыйшоў вечар. Змардаваны дзённым падарожжам, Адольф прылёг на пагорку і, паклаўшы галаву на камень, заснуў. Спаў моцна, але нядоўга; ледзь заранка ўзышла на небе, заспяшаўся, каб дзе-небудзь напаткаць чалавечую хаціну і пераначаваць пад страхою.\\ Ідучы далей, узышоў на гару, але і адтуль не ўбачыў нідзе людзей, адно густы, як імгла, дым падымаўся недалёка за бярозавым гаем. Ледзь падышоў да таго месца, як выходзіць з гаю нейкая кабета – высокага росту, у белай сукні, твар заліты слязьмі, і, трымаючы ў руцэ меч, спыняецца каля дарогі.\\ \\ ……………………………………………………………………………………………………\\ \\ Заспяваў певень.\\ – Вось цяпер ужо не на перамену надвор’я, – сказаў дзядзька. – Самая поўнач, прыйшоў Новы год, страчайма госця. Але якімі навінамі ён нас пацешыць?\\ Сказаўшы гэта, ён наліў у шклянкі палёнкі, і ўсе пілі, узаемна зычачы шчасця ў доме, здароўя, багатых ураджаяў на нівах.\\ Пан Латышэвіч, выпіўшы да дна, паставіў шклянку на стол і сказаў:\\ – Мы не ведаем, што будзе, у адным толькі пэўныя: з кожным годам нас, старых людзей, усё меней. Абы толькі Бог захаваў маладых, каб былі цнатлівыя і не забывалі звычаі і звычкі сваіх продкаў!\\ – Ат, пан Латышэвіч, успамінаючы пра смерць, псуе нам добры настрой. Такое рабіць няварта, – сказаў Базыль. – Аж на мяне напаў смутак, і здаецца, быццам і не піў нічога. Навошта казаць цяпер пра такія рэчы? Я – цыган, маю адно каня, а яшчэ не хачу ехаць на той свет.\\ Сказаўшы гэта, ён наліў сабе яшчэ шклянку і выпіў, зычачы ўсім здароўя і гумору.\\ – Базыль, як я заўважыў, – сказаў Сівоха, – чалавек чуллівы, яго кранае кожнае слова, аднак трэба памятаць, што ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.\\ – Праўда, не закончыў. Можа, калі-небудзь закончу.\\ Дзядзька зноў наліў шклянкі і, падаючы адну сляпому Францішку, сказаў:\\ – Пан Францішак сёння ўвесь час задумлівы і журботны. Выпі з намі. Жадаю вам і дзецям вашым шчасця. Няхай неба блаславіць усіх добрых людзей, пашле нам ураджай і шчаслівыя дні. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-назначэнне-фантастычнага-ў]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-пра-ўваскрэсенне-душы-і-пе]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-цэнтральная-праблема-шляхц]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-рада]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-шляхціц-завальня-або-белар]]