~~META: title = Дзіўны кій &keywords = Алёшка, кій, асілкі &abstract = Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Пераказ некаторых апавяданняў. Дзіўны кій &iftrue = nan ~~ ====== Дзіўны кій ====== Калісьці ў багатага чалавека служыў малады, працавіты і пачцівы парабак Алёшка. Гады тры служыў ён дбайна, атрымаўшы за ўсю сваю працу толькі тры талеры, і пайшоў з імі шукаць іншае службы. Ішоў і марыў пра тое, што, калі б меў многа грошай — дапамог бы бедным і няшчасным. Па дарозе сустрэў спачатку жабрака, потым калеку і, нарэшце, старца. І ўсім даў па талеру. Старац Алёшку даў кій, які служыў яго старасці, наказаўшы Алёшку падняць канец кія, якім абапіраешся на зямлю, да неба — і зробіцца тое, што ён пажадае. Сказаў — і імгненна знік. На шляху Алёшкі паўстаў страшны пажар у пушчы. Падняў Алёшка кій — і ачах пажар, нібыта вадою заліты. Уратавалася ўсё жывое, дзіваваліся людзі. Потым чароўным кіем выклікаў шчодры дождж і ажывіў засмяглую зямлю. І накіраваўся ў далёкую краіну, у якую страшны чарнакніжнік заслаў злых духаў і ператварыў яе ў пустэльню. На яго шляху сустрэліся па чарзе тры асілкі — Дубіна, Пруд і Гарыня — лёкаі Вялікага Чарнакніжніка. Страхотныя былі тыя асілкі, яшчэ страшнейшымі былі іх справы: апошні магут збіраў горы і скалы ў адно месца і, стаўляючы іх адна на адну, будаваў мур, які быў вышэй за аблокі. Усіх гэтых асілкаў-лёкаяў перамог Алёшка і прыйшоў нарэшце ў зачараваную краіну, дзе ўсё было мёртвым і скамянелым. Алёшка падняў кій у неба — павеяў лагодны ветрык, неба распагодзілася, разлілося вясенняе святло; зашумеў лес, ажылі дрэвы, зазелянелі пекнымі барвамі; загучалі птушыныя песні; людзі, што былі падобныя на камяні, уздымалі рукі і вочы да неба... Хутка ўвесь гэты край заквітнеў. Алёшка добра там пажыў, ажаніўся з пекнай і багатай князёўнай. Вызваліў ён увесь край ад няшчасця і сам стаў шчаслівым. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-пра-ўваскрэсенне-душы-і-пе]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-назначэнне-фантастычнага-ў]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-шляхціц-завальня-або-белар]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-цэнтральная-праблема-шляхц]] * [[творы/ян-баршчэўскі/шляхціц-завальня-або-беларусь-у-фантасты]]