~~META: title = Янка Сіпакоў — Я люблю цябе да скону... &keywords = цябе, зялёны, трывожна, люблю, такую, шарык &abstract = Чытаць верш Янкі Сіпакова "Я люблю цябе да скону..." &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Я люблю цябе да скону... ====== Я люблю цябе да скону,\\ Я люблю цябе да звону,\\ Я люблю цябе з вагона,\\ З самалёта, з карабля,\\ Цёплы шарык мой зялёны,\\ Ціхі шарык мой зялёны,\\ Мікрашарык мой зялёны –\\ Несхадзімая зямля!\\ \\ На табе – вясна віруе,\\ На табе – зіма снягуе,\\ На табе – і лета чуе:\\ Восень у лісці шуршыць.\\ Я цябе знайшоў такую,\\ Я цябе адкрыў такую,\\ Зберагу цябе такую,\\ Покуль буду сам я жыць.\\ \\ Вось таму змаўчаць не можна,\\ Вось таму баіцца кожны:\\ Над табой, такой мурожнай,\\ У павевах вецярка,\\ Чуеш, як зусім трывожна,\\ Як нахабна і трывожна,\\ Дзесьці здружана трывожна\\ З мечам шэпчацца рука.\\ \\ Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]]