~~META: title = Янка Сіпакоў — Шчасце &keywords = шчасце &abstract = Чытаць баладу "Шчасце" Янкі Сіпакова &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Шчасце ====== //Македонская балада. VIII стагоддзе// \\ Як пайшло ў бедняка ўсё навыкрут,\\ Так ідзе і ідзе перакрутам.\\ Што ні хоча – яму не ўдаецца,\\ Што ні робіць – ніяк не выходзіць:\\ На палетку – ані каласочка,\\ А дзяцей – быццам тога гароху.\\ Ад цямна да цямна ён гарбуе,\\ Спаць жа вечна кладзецца галодны.\\ Раз вяртаўся з чужога ён поля\\ I ля самае хаты успомніў,\\ Бач, дажаўся – цяпер толькі ўспомніў,\\ Што забыўся свой серп на іржышчы.\\ Покуль зноў да палосы датэпаў,\\ Ужо добра у полі сцямнела.\\ Бачыць, хтосьці па зжатаму ходзіць,\\ Каласы падбірае упоцемку\\ I бубніць, нібы лае кагосьці:\\ «Жнуць нячыста, нягоднікі, ўпохап,\\ Каласоў столькі доле кідаюць –\\ Не даюць адпачыць мне і ўночы».\\ Тут бядняк яго – хоп! – за ручышчу:\\ «Хто такі і чаго ты тут ходзіш?\\ Можа, злодзей і крадзеш калоссе?»\\ Ну а той ані ў pyx не спужаўся\\ I адказвае ціха, спакойна –\\ Быццам ведаў яго сотню жніваў:\\ «Я не злодзей. Я, ведаеш, Шчасце\\ Уладальніка гэтага поля.\\ Я яму, як сабе, памагаю –\\ I ўзарань, калі спяць яшчэ птушкі,\\ І ўцямрынь, калі людзі кладуцца...\\ Ну, а ты што тут робіш, бядача?»\\ «Я свой серп недзе ў полі забыўся\\ I яго пашукаць во вярнуўся».\\ «А навошта шукаць? Серп – з табою,\\ На плячы тваім спіць, натамлёны», –\\ Усміхнулася Шчасце чужое,\\ Але тут жа наноў засмуцілася:\\ «Цяжка жыць табе. бачу, гаротнік,\\ Бо тваё Шчасце дужа ляное –\\ Увесь дзень весялуе за поясам,\\ Без клапот на тамбуры іграючы.\\ Гэта ж трэба, яно добра бачыла,\\ Што твой серп на плячы быў і зараз,\\ Як ішоў ты шукаць яго ў поле,\\ А табе не сказала пра гэта.\\ Распусціў, чалавеча. ты Шчасце!\\ Яно й зараз, павер, маракуе,\\ Каб зусім адкруціцца ад працы.\\ Заўтра толькі нахопішся жаць ты,\\ Яно скінецца зайцам пудлівым,\\ Прабяжыць у цябе між нагамі,\\ Ты ж сярпом на яго замахнешся\\ I нагу сабе толькі парэжаш.\\ Працаваць з такой ранай не зможаш,\\ А яно зноў выгульвацца будзе\\ I іграць дзень пры дні на тамбуры.\\ Слухай, што табе зрадзіць хачу я:\\ Ты мяшок вазьмі у поле з сабою\\ I яго прывяжы за нагамі.\\ А як толькі шмыгне зайцам Шчасце –\\ Так адразу ў мяшок твой і трапіць.\\ Вось тады не шкадуй лайдачыну,\\ Як яно цябе не шкадавала!»\\ Так бядак і зрабіў раніцою.\\ А як Шчасце у мяшку апынулася,\\ Ён хахол закруціў панадзейней,\\ Завязаў яго туга завязкай\\ I узяўся штосілы дубасіць.\\ Б'е і так яго, б'е яго й гэтак,\\ Адзін бок адлупцуе як трэба,\\ А затым на другі пераверне.\\ Біў, ляное, пакуль не стаміўся –\\ Гэта ж праца цяжэй, чымся жніва!\\ Сам стаў мокры – хоць зараз выкручвай,\\ Кроплі поту цякуць – па бабіне.\\ Б'е ён Шчасце, а сам прыгаворвае:\\ «Ну, цi будзеш яшчэ ленавацца?\\ Ну, ці зробішся добрым памочнікам?»\\ Стала Шчасце маліцца-прасіцца,\\ Перастане лайдачыць, казала,\\ I тамбур паламаць абяцала:\\ «Буду, буду табе я памочнікам».\\ Развязаў ён хахол і адразу\\ Адпусціў паланянку на волю,\\ Сам жа сеў на мяшок і заплакаў,\\ Што няўдзячную правіў работу.\\ З таго часу змянілася Шчасце,\\ Яно рупіцца стала якдзённа:\\ Жаць ішоў – звычна серп яму несла,\\ Калі жаў – каласы нахіляла,\\ Пот каціўся – без слоў выцірала,\\ Калі трэба – каня запрагала.\\ I зярняты на ржышчы збірала,\\ I дзяцей – як гароху! – люляла.\\ Хутка хлеб на стале паявіўся,\\ I хоць дзетак ўсё прыбаўлялася,\\ Спаць не клаўся ён зараз галодны\\ I зрабіўся шчаслівы-шчаслівы...\\ \\ Біце, людзі, і вы сваё Шчасце,\\ Як шчаслівымі быць заманецца! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/максім-танк-шчасце]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-шчасце-не-ў-золаце]] * [[творы/янка-маўр/янка-маўр-шчасце]] * [[ibdc.ped>шчасце]] * [[ibdc.ped>проста-радасць]]