~~META: title = Янка Сіпакоў — Шахматы &keywords = князь, камендант &abstract = Чытаць баладу "Шахматы" Янкі Сіпакова &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Шахматы ====== //Руская балада. XIX стагоддзе// \\ «Палац князёў» — астрожная вязніца.\\ I ўдзень тут свечка хліпкая гарыць,\\ I полымя пудліва мітусіцца,\\ Як сполахі няздзейсненай зары.\\ \\ Прыціхла вёсачка малая пад гарою\\ З вялікай назвай навырост — Чыта.\\ Ад свету адгароджаная мроя\\ Завостранымі мачтамі плата.\\ \\ — Ваш ход. Вы не забыліся, прабачце?\\ — Я? Што вы — помню. Ход і праўда мой...\\ — Хадзіць так нельга... — Нельга? Хто там плача? Што за дзіця ў турме?! Хутчэй адпраў дамой! \\ На яго месцы закруціўся б кожны,\\ Як трэска на узвіраным плыву,\\ Каб катаржнікаў шаць яснавяльможных\\ Звалілася вось так на галаву.\\ \\ Хаця астрожнікі адзеты не па модзе,\\ Ды князь — ёсць квязь: памылішся здаля. І камендант, здараецца, заходзіць\\ У шахматы з князямі пагуляць.\\ \\ — Ваш ход, — кажу. — Чакаю зноў, васпане.\\ Ратуйце караля хутчэй свайго...\\ Звініць зланцужаны астрожнік у кайданні,\\ I камендант сапе каля яго.\\ \\ Князя, князі... Не вопраткай — абліччам.\\ Дый камендант — не прыстаў станавы:\\ Як катаржнікаў, ён на «ты» іх кліча,\\ А як князёў — з пашанаю, на «вы».\\ \\ А што ты зробіш! Сувязі — то ж мара. Уся сталіца ў іх руках амаль.\\ I родзічы шыкоўныя і зараз\\ З’язджаюцца хутчэй за ўсё на баль.\\ \\ А што нам баль! I той вунь абадранец\\ На балях гэтакіх яшчэ нядаўна ззяў,\\ А зараз вуліцу мяце — таксама танец! —\\ I смецце носіць на падводу. Звяў.\\ \\ Але ж, але ж... Нягледзячы на гэта,\\ Нягледзячы на снежаньскі зімовы гром,\\ Блішчаць на сваяках іх эпалеты.\\ А сем'і іх знаёмыя з царом.\\ \\ Таму да дзекабрыстаў пасля працы\\ Заходзіць пагуляць як да сяброў,\\ Хоць ведае: гідліва атрасацца\\ Ён будзе потым доўга ад клапоў.\\ \\ Клапы, клапы... Як церпяць іх князёўны,\\ Што на спатканні ходзяць у астрог,\\ Стамлёныя абразаю вандроўнай,\\ Пасля такіх даўгіх, як лёс, дарог?!\\ \\ Ужо і дзеці ў цэлях, бач, галосяць —\\ Ахвяры неабдуманай любві.\\ Яны — адрынутыя. I ніхто не ўпросіць\\ Вярнуць яснавяльможнасць іх крыві.\\ \\ I ўсё ж ён астанецца ў іх даверы —\\ Нашто яму вяртацца на раллю...\\ — Хадзіце. Пагражаюць афіцэры\\ Вашаму, зірніце, каралю.\\ \\ Што гэта — дзёрзкасць? Ці якія змены? Ён жа адказвае за кожны іхні крок...\\ Няма акон — у цэлях толькі сцены,\\ Няма святла — між сценаў толькі змрок.\\ \\ Што, далажыць аб дзёрзкасці начальству? —\\ Вам шах! Не дапаможа пешак раць.\\ Не, лепей з князем, мусіць, не змагацца, Не, лепей князю ўсё-такі прайграць.\\ \\ Здаецца камендант. I мару, нібы промнік, Хавае ад сібірскіх лютых бур:\\ А можа, і князі яго успомняць,\\ Як вернуцца — хто знае? — ў Пецярбург.\\ \\ «Палац князёў» — астрожная вязніца.\\ I ўдзень тут свечка хліпае, гарыць,\\ I полымя пудліва мітусіцца,\\ Як водбліскі няздзейсненай зары. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>шахматы-далёкіх-продкаў]] * [[ibdc.ped>шахматы]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[ibdc.ped>шахматы-з-танцамі]]