~~META: title = Янка Сіпакоў — Уваходзіны ў паэму &keywords = жоўты, колер, хутчэй, ўваходзім, уваходзіны, пойдзем, першы, голас, грошы, усмешкі &abstract = Чытаць верш Янкі Сіпакова "Уваходзіны ў паэму" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Уваходзіны ў паэму ====== //Эпіталама// //Верасню прысвячаецца// \\ Хвала яму, жоўтаму свату, –\\ Сягоння ў нас уваходзіны:\\ У новую, незвычайную хату\\ З табою нясмела ўваходзім мы.\\ \\ Тут сцены – закрытыя вочы.\\ Страха ўся з лістоты сатканая.\\ I ложак – пінжак мой святочны\\ На кветкі пасланы, каханая.\\ \\ Дык пойдзем хутчэй жа, мой голад,\\ Куды ты захочаш, харошая...\\ Рыпіць і пяро і голас:\\ «Са шлюбам законным! I грошы з вас...»\\ \\ Ах, рэгістратар! Усмешкі хоць трошкі\\ Адпусціце без плана для радасці...\\ Але ён, нібы скнара грошы,\\ Усмешкі схаваў: ці не ўкрадуць іх?\\ \\ I сябры з такой жа гаворкай:\\ «Ад імя, з даручэннямі вуснымі...»\\ Што ж, я сам сабе крыкну: «Горка!»,\\ Каб напіцца тваімі вуснамі!\\ \\ Дык пойдзем хутчэй. Нас чакаюць\\ Невядомыя уваходзіны...\\ Я паэмай яго называю,\\ Гэты храм, куды ўваходзім мы.\\ \\ У паэме будуць, няйначай,\\ Свае адступленні лірычныя:\\ Першы сын неўзабаве заплача,\\ Першы ўнук падасць голас зычны нам.\\ \\ Цяпер жа глядзіць з-пад далоні\\ I чакае даўно нас Верасень...\\ Жоўты ліст, жоўты лес, жоўты промень I радасць, як сонца, уперадзе.\\ \\ Жоўта... Не любіш?.. А я дык рады,\\ Што промняў столькі намолата...\\ Кажуць: жоўтае – колер здрады.\\ Не вер! Гэта колер золата!\\ \\ Па жоўтай дарозе ідзём мы\\ У залатое вяселле звонкае...\\ Смялей жа ступай у паэму\\ Маёю вечнаю жонкаю. \\ Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[слоўнік/эпіталама]]