Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-сіпакоў:янка-сіпакоў-тураўская-элегія

Гэта старая версія дакумента!


Янка Сіпакоў — Тураўская элегія

Сёння вясна красуецца, ажыўляючы зімовую прыроду.

Буйныя ветры, ціха павяваючы, песцяць і гадуюць плады.

I зямля, жывячы насенне, родзіць зялёную траву…

З малення Кірылы Тураўскага

Прыгінае і самых высокіх
Да зямлі вечны цяжар гадоў.
I цішэюць,

цішэюць крокі

I людзей і старых гарадоў.

Як прысеў ты, драўляны горад!
З крэктам з замкавай споўз гары.
I стагоддзі з табой не гавораць,
Як калісьці маглі гаварыць.

I за сценамі замка не радзяць,
Як прыняць з Егіпта гасцей.
А на колішнім княскім пасадзе
Бульба расце.

Покуль сала княгіня смажыць
(Пах яго заваёўвае дзень),
З камунальных харомаў княжыч
Па каня з аброццю ідзе.

Бы праз сон,

праз гады сваю веліч

Слухае горад стары,
Як над ім,

над стольным,

звінелі,

Нібы песня, званы ўгары.

А таму,

калі сонца прагляне

I ўдзяўбнецца промнямі ў снег,
Як продкі, спавядаюцца тураўляне
Вясне.

Хоць і вёснаў мінула багата,
Толькі ў Тураве,

як і тады,

Зямля атуляе і корміць зярняты,
Каб радзіць,

як даўней,

плады.

Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с.

Падобныя старонкі

  • максім-танк/максім-танк-ой-не-гніце-ветры
  • элегія
  • пімен-панчанка/пімен-панчанка-прысніўся-сон
  • максім-багдановіч/не-кувай-ты-шэрая-зязюля
  • аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-элегія
творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-тураўская-элегія.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki