~~META: title = Янка Сіпакоў — Сяўба &keywords = партызанка, кветкі, пачарнелым, ганка, папялішчы, одуме, ранкам, сядзела, вясновым &abstract = Чытаць баладу Янкі Сіпакова "Сяўба" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Сяўба ====== //(Беларуская балада. XX стагоддзе)//\\ \\ На папялішчы, на пачарнелым\\ Яна сядзела – жанчына ў белым;\\ На чорнай пляме відна здалёку,\\ Нібы цяпельца ў халодным змроку,\\ Ля галавешак – былога ганка –\\ Сядзела ў одуме партызанка.\\ А навакола вясна буяла,\\ Трава пад попелам бушавала,\\ Трава рассоўвала ўбок вуголле –\\ Жыццё ірвалася зноў на волю.\\ I ўжо фашыстаў – нідзе, нікога,\\ Ідзе, вяселіцца перамога,\\ I ёю пахне усё на свеце:\\ Лісцё і неба, зямля і вецер,\\ I папялішча, дзе каля ганка\\ Сядзіць у одуме партызанка.\\ А на каленях – дзіцячай жменькай –\\ Ляжыць вузельчык, такі маленькі,\\ Сабралі крошак цэлую жменю,\\ Ды толькі позна – дзяўчо згарэла...\\ Таму сягоння на пачарнелым\\ На папялішчы вясновым ранкам\\ Сядзіць самотная партызанка...\\ А з вузялочка, што у прыполе,\\ Зярняты прагнуць упасці долу –\\ Як цягне, цягне іх да зямліцы,\\ Каб абудзіцца, праз дзёрн прабіцца!\\ Вось партызанка ўзнімае вочы,\\ Яна развязвае вузялочак,\\ Нібы пупышка – набухлы гэткі...\\ – Ўзыходзьце, кветкі, буяйце, кветкі!\\ Не асыпайцеся вы ніколі –\\ Перамажыце той чорны колер,\\ Які зялёным, вясновым ранкам\\ Сустрэў няветліва партызанку.\\ А калі можаце – хоць бы трошкі! –\\ I вы ўзыдзіце, хлебныя крошкі.\\ Як будзе голад – і ўдзень і ўночы\\ Хай лазяць дзеці у мой гародчык!\\ Яшчэ прашу я – ўзыходзь, табака!\\ Я зацягнуся табой са смакам,\\ Бо я прывыкла курыць задужа –\\ Куру за сына, куру за мужа...\\ I толькі порах – мой даўні вораг,\\ Не узыходзь, не дамешвай гора!\\ Звяжыце моцна яго, карэнні, –\\ Хай задыхнецца ў зямных скляпеннях...\\ На папялішчы на пачарнелым\\ Яна хадзіла – жанчына ў белым...\\ На чорнай пляме відна здалёку,\\ Нібы цяпельца ў халодным змроку.\\ Ля галавешак – былога ганка –\\ Кветкі сеяла партызанка. \\ \\ Крыніца: Сіпакоў Я. Веча славянскіх балад. – 2-е выданне. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 263 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-сяўба]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]]