~~META: title = Янка Сіпакоў — Першы астраном &keywords = свяціць, астраном, першы, зямлі, членам, беларускі, ліхіх, сонейка, каралеўскай, месяц, зоры, акадэміі, язэп, беларускім, драздовіч &abstract = Чытаць урывак "Першы астраном" з кнігі эсэ «Зялёны лісток на планеце Зямля. Партрэт Беларусі» Янкі Сіпакова &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Першы астраном ====== (урывак з кнігі эсэ «Зялёны лісток на планеце Зямля. Партрэт Беларусі»)\\ \\ Народ – самы першы наш астраном. Вось як беларусы расказалі ў сваіх паданнях пра стварэнне свету: «Неба зроблена так, што яно мае сем столак. Мы бачым толькі першае неба. А Бог жыве аж на сёмым. З чаго зроблена неба, ніхто не ведае».\\ Своеасаблівую задачу мы паставілі Сонцу: ага, і ў гэтым наша беларускае разуменне справядлівасці космасу.\\ «Як Бог стварыў свет, то вялеў Сонейку свяціць на добрых і на ліхіх. Сонейка не хацела свяціць на ліхіх і пачало жаліцца Богу, што яму цяжка заўжды свяціць. Тады Бог пакараў Сонейка й вялеў яму свяціць толькі ўдзень, а ўночы, як гуляюць ліхія, не свяціць, а аддыхаць».\\ Мы бачылі, як змяняюцца квадры Месяца, і спрабавалі па свойму растлумачыць яго ўсё новае і новае з'яўленне. Калі месяц састарваецца, Бог крыша яго на зоры. Адзін кавалачак кладзе ў дзяжу на закваску. Туды падаюць зоры, з іх робіцца рошчына, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край дзяжы. Так і нараджаецца Месяц, Маладзік.\\ Аказваецца, і балота – наш космас. Хоць яго і зрабіў чорт. Нячысцік паглядзеў, што Бог сее зямлю, от ён схапіў трохі зямлі ды і схаваў яе ў рот.\\ Першым жа славутым не толькі ў нашай зямлі вучоным-астраномам быў Марцін Пачобут-Адляніцкі, які нарадзіўся ў 1728 годзе ў вёсцы Саламянка, што непадалёк ад Гродна. Беларускі астраном, матэматык і асветнік быў членам Каралеўскай Акадэміі навук у Лондане, членам-карэспандэнтам Французскай каралеўскай акадэміі, правадзейным членам Таварыства сяброў навук у Варшаве.\\ Ён арганізаваў у Вільні і амаль да самай смерці быў кіраўніком астранамічнай абсерваторыі – адной з найстарэйшых абсерваторый у Еўропе. Амаль 40 год вёў назіранні за зоркамі і планетамі, за астэроідамі і каметамі. Цікавыя яго назіранні за Меркурыем, за тымі з'явамі, якія адбываюцца на Сонцы і Месяцы.\\ Галоўнаю думкаю членаў астранамічнай школы была наступная: бязмежныя светы існуюць і рухаюцца ў прасторы і часе паводле адпаведных законаў. Яны нібыта пераконвалі не толькі сябе, але і нас, нашчадкаў: пазнанне свету магчымае і неабмежаванае, яно пашыраецца з новымі адкрыццямі.\\ Ёсць яшчэ адна вельмі цікавая і арыгінальная асоба, якая нібыта збоку стаіць у беларускім небазнаўстве – [[постаці/язэп-драздовіч|Язэп Драздовіч]]. Сын збяднелага шляхціца-арандатара з засценка Пунькі, што на Дзісненшчыне, якога яго сябра мастак Пётра Сергіевіч зваў беларускім Леанарда да Вінчы. Мастак, скульптар, этнограф, археолаг, разьбяр, фалькларыст, фантаст. А яшчэ ён удумлівы, дасведчаны астраном.\\ Ён выдаў першую на беларускай мове навукова-дакументальную кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі»: «Я веру, што тэхніка зямлян па заваяванні прасторы не закончыцца на тым, што мы ўжо маем, а пойдуць далей аж да міжпланетных падарожжаў».\\ I ў гэта верыш! Як і ў той аўтапартрэт, напісаны на фоне космасу: моцная, але ласкавая рука трымае на далоні родную Зямлю, леваруч ад яго – Юпітэр з кольцамі, а вакол галавы – светлыя зоркі. I барада – як завіхраная Галактыка...\\ Язэп Драздовіч – наш першы беларускі касманаўт. Не, ён усё ж касманаўт, але не першы.\\ А першым нашым касманаўтам стаў Пятро Клімук. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]]