~~META: title = Янка Сіпакоў — Неадасланы ліст да маці &keywords = слёзы, мама, пісьмы, пішуць, дадому, лісты, пішу &abstract = Чытаць верш Янкі Сіпакова "Неадасланы ліст да маці" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Неадасланы ліст да маці ====== Пішуць хлопцы лісты дадому –\\ У студэнтаў ёсць радасць такая...\\ Я таксама пішу табе сёння.\\ А нашто? –\\ Сам сябе пытаю.\\ Успаміны ж прыйшлі нязвана,\\ Прыгадаўся мне зноўку час той –\\ Сустракаў я цябе пасля працы.\\ Бег на выган хлапчук віхрасты.\\ I прасіўся к табе на рукі,\\ Хіба ж ведаць я мог, бесклапотны,\\ Што гудзелі яны і нылі\\ Пасля цяжкай\\ Мужчынскай работы.\\ Шмат чаго я тады не ведаў,\\ У пакутныя тыя вёсны:\\ I каму ты вячэру насіла,\\ I чаму пакідала кросны;\\ Хто хаваецца ў нашым склепе,\\ I чаму ён не прыйдзе ў хату,\\ I чаго недзе вельмі далёка,\\ А не з намі жыве наш тата;\\ I чаго па грыбы ты хадзіла,\\ Хоць я рэдка еў бульбу з грыбамі;\\ I што ты ў гумно вазіла\\ На калёсах цяжкіх пад снапамі...\\ Як вялі цябе ў горад пад вартай,\\ Зразумець я не мог анічога:\\ Слёзы... Слёзы...\\ Сястрычкі галосяць...\\ А мяне суцяшаюць, малога.\\ Мне ж і цётка-суседка сказала,\\ Што дамоў цябе пусцяць уранні...\\ I хоць слёзы ёй засцілі вочы,\\ Я не мог не паверыць Ганне...\\ А калі ўжо слязой перад смерцю\\ Ты сіроцтва маё абмывала,\\ Я дзівіўся, чаму гэта цётка\\ Не сваіх,\\ А мяне забаўляла.\\ Пішуць хлопцы лісты дадому –\\ Радасць светла ля іх карагодзіць!\\ Я таксама пішу,\\ Хоць і знаю:\\ Пісьмы, мама, мае не даходзяць,\\ Пісьмы, мама, дарог не знаходзяць\\ Туды, да цябе... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]]