~~META: title = Янка Сіпакоў — Мячык &keywords = мячык &abstract = Чытаць баладу "Мячык" Янкі Сіпакова &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Мячык ====== //Польская балада. XX стагоддзе//\\ \\ Скача мячык, скача мячык, —\\ Паспрабуй ты дагані!\\ За калючым дротам мячык\\ Скача весела ў гульні.\\ \\ Ах, які харошы дзядзька,\\ Хоць і немец:\\ Пагуляць даў мяч-прысядзьку,\\ Мяч-шаленец.\\ Дзядзька ж доктар.\\ Ну, а дзеці\\ Добра знаюць,\\ Дактароў благіх на свеце\\ Не бывае.\\ Дактары заўжды вясёлыя\\ Прыходзяць\\ I хваробы ўсе уколамі\\ Выводзяць...\\ \\ Скача мячык, скача мячык, —\\ Паспрабуй тут дагані,\\ Калі ў роце, апроч плачу,\\ Ні халоднай, ні гарачай\\ Ежы не было ані.\\ \\ Ах, які харошы доктар\\ Немец гэты —\\ Абяцае місу ўкоптар\\ Бульбы грэтай...\\ Падагрэтай — пасля ўколаў\\ Абяцае.\\ Ну ці скора тыя уколы?!\\ Бо іх голад, бо іх голад\\ Так чакае...\\ \\ Ну, а доктар кіпяціць, напэўна,\\ Шпрыцы,\\ Каб пры ўколах ім, малым,\\ Не заразіцца...\\ \\ Скача мячык, скача мячык,\\ Скача весела ў гульні.\\ Бульба ж варыцца — няйначай...\\ Пахне, мусіць, бульба смачна...\\ — Гэй, гані яго, гані!\\ \\ Колькі радасці наўкола —\\ Як чакаюць дзеці ўколаў!\\ Бегаць вучацца нанова\\ На нагах — сцяблінках кволых,\\ I смяяцца (зноў — нанова),\\ Як у садзіках вясёлых\\ Ці на перапынку ў школах.\\ \\ Ажывілі дзетак гульбы.\\ Скача мячык... Пахне бульба...\\ Мячык... бульба...\\ Бульба... мячык...\\ Скачуць... . . . . . . . . . . . . . . А ты, хлапчанятка,\\ Чаму не смяешся з усімі\\ I не спрабуеш дагнаць\\ Развяселены мячык?\\ Чаму ты глядзіш на гульню тужліва,\\ Вачыма такімі —\\ Як плачаш.\\ Ідзі,\\ Дзядзя доктар табе вунь махае рукою...\\ Усё ўжо гатова —\\ Ад лякарства ўгінаецца столік...\\ — Я ведаю, вы забойца.\\ Мяне вы заб’еце.\\ I толькі за тое,\\ Што я поляк.\\ Вы — фашыст.\\ Вы ніякі не доктар.\\ Я ведаю добра таксама,\\ Што не лякарства,\\ А смерць гэтак доўга вы нам рыхтавалі.\\ Мама!\\ Пракляні гэты мячык, мама,\\ Які нам фашысты далі!\\ I выгукнуў смела хлопчык, —\\ Адкуль ён сабраў столькі сілы!\\ — Верш, што калісьці ў школе хорам вучылі: «Хто ты естэсь?\\ Поляк малы!\\ Які знак твуй?\\ Ожэл бялы!..»\\ \\ Скача мячык, скача мячык...\\ А дзяцей той крык спыніў.\\ За калючым дротам мячык\\ Скача сумна, не ў гульні,\\ Мячык, што гульні дзіцячай\\ Так бязлітасна зманіў... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]]