~~META: title = Янка Сіпакоў — Конь &keywords = ратай, каня, пайшоў, конь, чырвоным, шыкоўны, кафтан, галаве, івашка, зялёныя, шапка, боты, верхам &abstract = Чытаць баладу Янкі Сіпакова "Конь" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Конь ====== //Руская балада. XVII стагоддзе// Ратай ідзе паціху за сахою,\\ Што так спаволыш сунецца ў зямлі,\\ I часта ўсё спыняецца – цягло\\ Стамілася: ў пярэдыхах маленькіх\\ Чуваць, як цяжка хакаюць траіх.\\ Але іх не падгоніш, «Но!» не крыкнеш,\\ Не свіснеш ёмка пугаю-звіванкай,\\ Якую ўзяў з сабой ратай на звычцы\\ I круціць сарамяжліва ў руках...\\ Тут пуга не патрэбна – сошку цягнуць\\ Сівая маці з прыгажуняй жонкай,\\ А каля іх, нібыта жарабятка,\\ Шчыруе прыпражны сынуля-жэўжык –\\ Ён напінаецца, здаецца, больш за ўсіх.\\ Ратай ласкава так глядзіць на сына\\ I просіць: – Ты цішэй цягні, Івашка, А то не паспяваю за табой я, –\\ Саха ляціць, нібы за жарабком...\\ I раптам да ратая незаўважна\\ Пад’ехала людзей на конях процьма,\\ А іх галоўны (мусіць, пан вялікі:\\ Зялёныя саф’янавыя боты,\\ Кафтан на ім, – ды гэткі ўжо шыкоўны,\\ На галаве – з чырвоным верхам шапка...)\\ Знячэўку крыкнуў: – Што ты робіш, кат! Як ты пасмеў араць зямлю на людзях?!\\ Ратай збялеў і пану – бух! – у ногі:\\ – А што ж рабіць мне, беднаму, паночак:\\ Каня няма – забралі за падаткі.\\ – Эх ты, мужчына! – пан злуе і злазіць З каня свайго і аксамітны повад\\ У чорныя парэпаныя рукі,\\ Якія ўсё яшчэ дрыжаць ад страху,\\ Ён аддае: – Бяры майго – ары, А я твайго у пана забяру...\\ I сам пайшоў. I коннікі за ім Паехалі паволі. А ратай Стаяў з канём і ўсё, як ашалелы,\\ Сябе шчыпаў, каб неяк апрачнуцца,\\ Калі ўсё гэта сон. А потым Шчыпаць каня пачаў. О, радасць! – Конь селяніна раптам убрыкнуў!\\ Ратай стаіць з рассечанай губою,\\ Размазвае па твары кроў, смяецца\\ I радасна крычыць: – Івашка! Дык конь жа, брат, сапраўдашні, не прывід\\ Зірні, як моцна б’ецца капытом!\\ А сын глядзіць на пыльную дарогу,\\ Дзе ўперадзе вялізазнага войска\\ Пайшоў багаты пан той пехатою (На галаве – з чырвоным верхам шапка,\\ Кафтан на ім – ды гэтакі шыкоўны,\\ Зялёныя запыленыя боты...)\\ Па іхняга каня да багацеяў\\ Пайшоў незразумелы гэты пан –\\ Сцяпан Разін. \\ Крыніца: Сіпакоў Я. Веча славянскіх балад. – 2-е выданне. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 263 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]]