~~META: title = Янка Сіпакоў — Кантрабанда &keywords = кнігі, скарына, скарыны, кніг, фурман, бога, паліць, граніцу, кантрабанду, вязеш, шукала, коней, францыск &abstract = Чытаць баладу Янкі Сіпакова "Кантрабанда". Адказы на пытанні да балады &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Кантрабанда ====== //Беларуская балада. XVI стагоддзе// \\ Стаміліся белыя коні і цёмнымі сталі ад поту,\\ Стаміліся бомы звінець пад дугою –\\ Матляліся ўжо неахвотна,\\ Ахрыпла іх песня – яна наглыталася пылу\\ І ўжо задыхалася ўся,\\ Калі варта рыплівую брычку спыніла,\\ Дзе кожнае кола візгліва жаданага дзёгцю прасіла...\\ – Гэй, што ты вязеш праз граніцу? –\\ Чужая злавалася мова,\\ Пыталася варта сурова,\\ Шукала упарта ахова,\\ Шукала яна кантрабанду\\ У брычцы, як позняя восень, парожняй, –\\ Не верыла,\\ Што праз граніцу парожнімі ездзіць можна.\\ – Дык што ты вязеш?\\ – Вы ж бачыце самі – нічога.\\ – А можа, схаваў што?\\ – Навошта? Пабойцеся Бога –\\ Вы бачыце ўсё, што са мною...\\ Ясна адно – галадранцы!\\ Ездзяць тут розныя швэнды, – ахова ўжо стала злавацца, –\\ А можа, ты кнігі вязеш? Бо з Прагі тут нейкі Скарына\\ Кнігі злаўчыўся вазіць на радзіму,\\ Якую чамусьці пакінуў.\\ – Кнігі?\\ Ад іх толькі зло...\\ Бэсцяць кнігі наш люд паспаліты...\\ – І ты супраць кніг, падарожны?!\\ Які малайчына, глядзі ты!\\ А ведаеш, думаю я, што прыйдзе часіна такая:\\ Нам скажуць Скарыну таго затрымаць.\\ І мы, будзь ты пэвен, яго затрымаем!\\ І кнігі тады мы яго\\ Папалім усюды ў краіне...\\ – Чакайце, а кнігі ж святыя, пра Бога...\\ Дык як жа паліць іх?..\\ – Павінен\\ Сказаць я табе, чалавеча,\\ Што ты – кацянятка сляпое:\\ Можна паліць і святое, калі нам загад ёсць на тое.\\ Ты знаеш, і Бога самога\\ Мы можам паслаць на спаленне,\\ Калі непрыдатным ён стане\\ Для нашага раптам малення...\\ Я веру, Скарыну таксама\\ Касцёр наш падсобіць на неба –\\ Асудзяць яго на спаленне нашчадкі...\\ – Так яму, неслуху, й трэба!\\ – Ну, едзь, падарожны...\\ Чакай, а хто там сядзіць у фурманцы?\\ – Гэта ж фурман мой.\\ – Бач, з форсам катаюцца нават такія, як ты, – галадранцы!\\ Ну, едзь – не мазоль нам вачэй...\\ \\ Весялей зацілімкалі бомы,\\ Яны адпачылі крыху –\\ Дзе падзелася пыльная стома!\\ Спяшаўся дадому Скарына (а гэта быў ён – вы пазналі?).\\ Коней сцябалі абодва –\\ І "пан", і "фурман" коней гналі.\\ Глядзеў на "фурмана" з усмешкай Скарына –\\ Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам!\\ Бо гэты "фурман" – быў найлепшы друкар,\\ Украдзены ў караля самога.\\ Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома.\\ Цілімкалі\\ Весела\\ Бомы...\\ \\ **Адказы на пытанні:**\\ 1. Выданні Скарыны з’яўляюцца ўнікальнымі помнікамі свецкай рэнесансавай біблейскай пісьменнасці. Іх месца ў еўрапейскім і беларускім культурна-гістарычным працэсе вызначаецца гістарычнымі ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсходне-славянскіх зямель ВКЛ. Разам з тым яны адлюстроўваюць і асабістыя рысы выдаўца, яго духоўную адоранасць і непаўторнасць, веліч яго подзвігу.\\ Біблія Скарыны не адпавядае поўнасцю ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Святога Пісання. Яна адыходзіць ад царкоўных традыцый не столькі сваім складам і зместам (дзе многа кананічнага), колькі агульнай накіраванасцю, жывым духам і свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нацыянальна-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі. Творы Скарыны непарыўна і арганічна звязаны з яго выданнямі, тэмамі і накіраванасцю яго духоўнай дзейнасці. Яны ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каментуючых матэрыялаў, якія дастасаваны да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй разам арганічную цэласнасць. Асноўную ролю адыгрываюць "предьсловия" і блізкія да іх па функцыях "сказання". У пражскіх выданнях 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх – адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых (У. Конан, В. Дарашкевіч, А. Яскевіч) – сказанні бліжэй да пазнейшых беларускіх пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай.\\ Кнігі Скарыны прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царкоўных службах і свецкіх бібліятэках. [[творы/іншае/францыск-скарына|Францыск Скарына]] ўлічваў адсутнасць у ВКЛ і ўсёй Усходней Еўропе развітой кніжна-пісьмовай традыцыі па перапісванні біблейскіх зводаў, недастатковае знаёмства з імі свецкіх і нават царкоўных колаў. Асобныя рукапісныя зводы Бібліі ("Генадзіеўская Біблія" 1499, "Дзесятаглаў" Мацея Дзевятага 1502-1507, "Пяцікніжжа" дзяка Фёдара 1514) не былі прызначаны для шырокага распаўсюджання і толькі вынаходніцтва друку адчыніла перад ёй шырокія перспектывы. Каб пазбегнуць спрошчанага, памылковага ўспрыняцця Бібліі, Скарына імкнуўся ў простай і зразумелай форме каментаваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі аб гістарычных, побытавых, багаслоўскіх, моўных рэаліях. У тэалагічным кантэксце асноўнае месца ў прадмовах і сказаннях Скарыны займала т. зв. экзагеза – тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога Запавету як прадвесця і прароцтва новазапаветных падзей, перамогі хрысціянства ў свеце і надзеі на вечнае духоўнае выратаванне. Комплекс прадмоў і сказанняў дапаўняюць калафоны – пасляслоўі з некаторымі выхаднымі звесткамі і т. зв. надпісанні – сціслыя ўступныя каментарыі да частак кожнай кнігі.\\ Даследчыкі адзначаюць стылявы і жанравы сінкрэтызм асноўных твораў Францыска Скарыны, дасканаласць выяўленчых сродкаў, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гістарычных, філасофскіх, тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы кніг Бібліі.\\ \\ У вершы Скарына паўстае сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, знаўцам роднага слова, чалавекам высокаадукаваным, гатовым ахвяраваць дзеля сваёй краіны і друкарска-асветніцкай справы.\\ \\ 2. У баладзе аўтар расказвае пра падзеі з даўняй гісторыі – пачатку кнігадрукавання на Беларусі і культурна-асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны.\\ Бо з Прагі тут нейкі Скарына\\ Кнігі злаўчыўся вазіць на радзіму...\\ \\ Спяшаўся дадому Скарына\\ (а гэта быў ён – вы пазналі?)...\\ \\ Коней сцябалі абое –\\ I "пан", і "фурман" коней гналі...\\ \\ Глядзеў на "фурмана" з усмешкай Скарына –\\ Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам! \\ У творы сюжэт напружаны (калі фурманку прыпынілі на граніцы), у некаторых момантах нават іранічны (размова Ф. Скарыны з вартай).\\ – Гэй, што ты вязеш праз граніцу? –\\ Чужая злавалася мова:\\ Пыталася варта сурова,\\ Шукала упарта ахова,\\ Шукала яна кантрабанду\\ У брычцы, як позняя восень, парожняй, –\\ Не верыла,\\ Што праз граніцу парожнімі ездзіць можна.\\ \\ – Кнігі?\\ Ад іх толькі зло...\\ Бэсцяць кнігі наш люд паспаліты...\\ – I ты супраць кніг, падарожны?!\\ Які малайчына, глядзі ты!\\ А ведаеш, думаю я, што прыйдзе часіна такая:\\ Нам скажуць\\ Скарыну таго затрымаць,\\ I мы, будзь ты пэвен, яго затрымаем!\\ I кнігі тады мы яго\\ Папалім усюды ў краіне...\\ – Чакайце, а кнігі ж святыя, пра Бога...\\ Дык як жа паліць іх?..\\ У баладзе прысутнічае элемент таямнічасці і загадкавасці: мы не адразу здагадваемся, што ў фурманцы едуць Скарына і…:\\ Бо гэты "фурман" – быў найлепшы друкар,\\ Украдзены ў караля самога.\\ Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома.\\ Дыялог у баладзе дазваляе аўтару не толькі паказаць характар Ф. Скарыны, але і зрабіць супрацьпастаўленне з людзьмі, якія знаходзіліся ў варце на граніцы.\\ Ф. Скарына амаль кпіць над невуцтвам і сляпым выкананнем загадаў варты.\\ А выказванні варты дэманструюць недалёкасць, невуцтва, выслужлівасць, фанабэрыстасць, самаўпэўненасць і глупства разваг гэтых людзей:\\ – Павінен\\ Сказаць я табе, чалавеча,\\ Што ты – кацянятка сляпое:\\ Можна паліць і святое, калі нам загад ёсць на тое.\\ Ты знаеш, і Бога самога\\ Мы можам паслаць на спаленне,\\ Калі непрыдатным ён стане\\ Для нашага раптам малення... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]]