~~META: title = Янка Сіпакоў — Зброя &keywords = перац, турэцкі, сцяг &abstract = Чытаць баладу "Зброя" Янкі Сіпакова &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Зброя ====== //Балгарская балада. XIX стагоддзе// \\ Зялёным зацьменнем —\\ Турэцкі сцяг.\\ Шарсцяць па каменні,\\ Нібы па касцях.\\ \\ Блішчаць ятаганы,\\ Дымяцца крукі.\\ Па ранах, на ранах\\ Ідуць чужакі.\\ \\ Іх стрэлі без страху —\\ Ды нельга спыніць...\\ Паўмесяц на сцягу,\\ Як рана баліць.\\ \\ I сонца не свеціць,\\ Сады — не відны.\\ Жанчыны і дзеці\\ Сумуюць адны.\\ \\ Спыніце паганых\\ Хутчэй вы, сябры!\\ Ды — рана ля раны —\\ Маўчаць ваяры.\\ \\ А башыбузукі\\ Ідуць і ідуць...\\ Жаночыя рукі\\ Перац труць.\\ \\ Бо ў іхніх праклёнаў\\ Памочнік адзін:\\ Перац чырвоны —\\ Зброя жанчын.\\ \\ Трыце ж, жанчыны,\\ Зброю хутчэй\\ Для гэткай лавіны,\\ Для столькіх вачэй!\\ \\ У ручках маленькіх\\ Перац дрыжыць:\\ У жменях і жменьках\\ Зброя ляжыць...\\ \\ Зялёным зацьменнем\\ Турэцкі сцяг:\\ Ідуць па цярпенню,\\ Нібы па касцях, —\\ Бліжэй... бліжэй... бліжэй... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]]