~~META: title = Янка Сіпакоў — Гекзаметры рыбака &keywords = край, цечаце, лодкі, рэкі, шляху, сціплыя, нібыта, павінны, ведаць, рыбы, ціхія, беларускія &abstract = Чытаць "Гекзаметры рыбака" Янкі Сіпакова &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Гекзаметры рыбака ====== Ведаць павінны мяне вы, мае беларускія рэкі,\\ Ціхія, сціплыя, нібы і край, па якім цечаце вы.\\ Вы ж гадавалі мяне ў лодцы – шырокай калысцы,\\ Усланай луской акунёвай, хвастамі самоў паўсліжанай; Як салодка я засынаў пад рып асцярожны уключын,\\ Нібыта ў хаце сасновай пад спеў цвыркуна ў запеччы... Лодка была, для мяне ўсім маім цяжкім набыткам:\\ Возам, калі я вазіў сена з зарэчнага поплаву,\\ I выязнымі калёсамі, калі я збіраўся ў госці, –\\ Паціху грабешся і чуеш, як клыгі ў каменні клыгочуць. Як стукаюць рыбы ў язы і з шумам назад уцякаюць. Як цёмным, халодным прадоннем чарнее ў дне катлавіна. А калі я жаніўся, то лодка нясла на мой бераг вяселле. Вы ж помніце, рэкі, як свацці вялі захмялелыя песні, Як дзеці, па беразе скачучы, «Плывуць!», а не «Едуць!» крычалі, Як потым і я ў сваё падарожжа вясельнае ехаў –\\ З жонкаю рыбу лавіць...\\ \\ Ведаць павінны мяне вы, мае беларускія рэкі,\\ Ціхія, сціплыя, нібы і край, па якім цечаце вы.\\ Сам я з Дняпра, з-пад Оршы, са шляху з вараг у грэкі, Дзе яшчэ й сёння, здаецца, смаляць дыхтоўныя лодкі – Пахне смалою навокал, у куродыме вэндзіцца Копысь. А на Кабылянскіх закрутах заселі нармандскія лодкі, Як рыбы, пляскочуць хвастамі – не сарвацца ніяк з перакатаў, Хоць іх і чакаюць у Оршы багатыя, шчодрыя румы, Дзе топчуцца бочкі з мёдам, нібыта цяжкія мядзведзі, Дзе лён і пянька, як бароды далёкіх, аж з казак, асілкаў, Дзе сала, як зімныя гурбы бялеюць сярод зеляніны... На румах варагаў чакаюць дзяды памяркоўныя нашы. Трэба сабраць ім даніну: ад лодкі два локці тканіны; Ад лодкі – па белай вавёрцы, і потым плыві сабе з Богам... \\ Ведаць павінны мяне вы, мае беларускія рэкі,\\ Ціхія, сціплыя, нібы і край, па якім цечаце вы, –\\ Бо я ж з берагоў дняпроўскіх, са шляху з вараг у грэкі, Са шляху суток вялікіх, па якіх, нібыта па венах,\\ I рыбакі, і рыбы назад у Прыроду вяртаюцца –\\ Ціхую, сціплую, нібы і край, па якім цечаце вы. \\ Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]]