~~META: title = Янка Сіпакоў — Вада &keywords = вада, відаць, глытку, пах, смак &abstract = Верш Янкі Сіпакова "Вада" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Сіпакоў — Вада ====== //Вада – бясколерная, празрыстая вадкасць// //без паху і смаку.\\ // //З даведнікаў// \\ Хто сказаў – вада без паху?\\ Хто сказаў – вада без смаку?\\ Той, відаць, не смяг у спёку\\ І ад смагі ў суш не млеў.\\ \\ Той, відаць, вадой не трызніў,\\ Не хапаў яе у жмені –\\ Калі боязна рассыпаць\\ Нават кропельку ў траву.\\ \\ Той не мроіў ёй – да тлуму,\\ І не прагнуў – да трымцення,\\ Калі п’еш, і ўсё, здаецца,\\ Не спатолішся ніяк.\\ \\ Той, відаць, не поўз пустыняй,\\ Не ўсыхаў у акіяне,\\ Калі пахі ўсе і смакі –\\ У глытку пітной вады.\\ \\ У глытку, што як дажджынка,\\ У глытку, што як расіна,\\ На лістку, бы на далоні,\\ Гэтак зманліва дрыжыць.\\ \\ І ўжо ў гэтай нават кроплі –\\ Усе колеры вясёлкі.\\ Хто ж яе знаў бескалёрнай?\\ Божа мой, які дзівак?!\\ \\ Хто ваду наспех пакрыўдзіў,\\ Хто ваду спрытна абразіў?\\ Хто сказаць мог так будзённа\\ Пра таемнасць – пра ваду?..\\ \\ Веру я: і ён, сасмаглы,\\ Толькі ўбачыўшы расіну,\\ Закрычыць, бы звар’яцелы,\\ З дзікай радасці:\\ – Ва-да-а! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]]