~~META: title = Коратка аб жыцці і творчасці Янкі Сіпакова &keywords = сіпакоў, вершы, вершаў, верш, сіпакова, зборнік, лірычны, паэт, добрай, зрабіў, першы, прадаю, паэзіі &abstract = Кораткі агляд жыцця і творчасці Янкі Сіпакова &iftrue = nan ~~ ====== Коратка аб жыцці і творчасці Янкі Сіпакова ====== Янка Сіпакоў нарадзіўся ў 1936 г. у вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Ён рана застаўся без бацькоў, якія былі закатаваныя ў вайну фашыстамі за сувязь з партызанамі. Пасля працы паштальёнам (паралельна з вучобай у школе) Сіпакоў паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, пасля заканчэння якога спачатку працаваў у рэдакцыі гумарыстычнага часопіса «Вожык», а пазней – у часопісе «Маладосць». Першы ягоны верш быў надрукаваны ў 1953-м, а першы зборнік вершаў «Сонечны дождж» пабачыў свет у 1960 г., за ім выходзяць наступныя паэтычныя зборнікі: «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), «Веча славянскіх балад» (1973), за які Сіпакоў быў у 1976 г. узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, «У поўдзень да вады» (1976), «Усміхніся мне» (1984). Зборнік празаічных нарысаў «Па зялёную маланку», надрукаваны ў 1971 г., выявіў магутны публіцыстычны дар Сіпакова, а ў адным з твораў зборніка, «Там, дзе Сібір», аўтар паказвае вялікі энтузіязм у апісанні жыцця і дзейнасці Леніна. У 70-я паэт усё часцей – і вельмі паспяхова – звяртаецца да прозы. Сіпакоў зрабіў шмат выдатных мастацкіх перакладаў, у тым ліку Уолта Уітмена «Лісце травы» (1978) і «Турэмны дзённік» Хо Шы-Міна (1985). Аднак падобна, што менавіта сваёй паэзіяй ён зрабіў найбольш каштоўны ўнёсак у беларускую літаратуру.\\ Першы ягоны зборнік вершаў быў, па вялікім рахунку, досыць традыцыйным. Асабісты досвед аўтара перададзены ў ім амаль толькі праз эмоцыі, а не інтэлектуальна, і прысвечаны пераважна тэме ваеннага пакалення. У наступным сваім зборніку, «Лірычны вырай», паэт пашырае тэматычнае кола і звяртаецца да такіх сфераў, як сучаснае жыццё з яго глыбокім задавальненнем ад фізічнай працы, шчасцем творчасці і важнасцю добрай волі ды здаровага сэнсу. Выбітны беларускі пісьменнік Міхась Стральцоў адзначаў, што Сіпакоў «таленавіта адмовіўся ад сябе, ад сваёй здольнасці пісаць вершы – у імя здольнасці мысліць імі». Гэта не азначае, што ягоныя вершы менш лірычныя, папросту эмацыянальны зарад вершаў нягнятаецца паступова, пры дапамозе асацыятыўнай вобразнасці. Вельмі характэрная асаблівасць лепшых вершаў Сіпакова – асэнсаванне інтэлектуальнай рэчаіснасці, якое б уздзейнічала на ўяўленні і эмоцыі чытача. Добрым прыкладам такой паэзіі можа служыць выдатны верш 1965 г. «[[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-зялёнае-воблака-на-рынку|Зялёнае воблака на рынку]]».\\ Іншым узорам асацыятыўнай вобразнасці з’яўляецца верш «[[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лірычны-ўспамін|Лірычны ўспамін]]» (1965), у якім паэт як бы праводзіць сябе і сваіх дзяцей праз дабрабыт, беднасць і вайну. Падобныя творы служаць добрай ілюстрацыяй самабытнасці і значных лінгвістычных здольнасцяў Сіпакова. Тое магутнае ўздзеянне, што ён можа аказаць пра дапамозе сваёй тэхнікі, адначасова інтэлектуальнай і часам антрапаморфнай, ставіць ягоную паэзію ў адзін шэраг з выдатнейшымі творамі 60-х.\\ Больш познія зборнікі «Дзень» і «З вясны ў лета» паказваюць рост цікавасці аўтара да гісторыі, а таксама вялікую схільнасць да эксперыментаў у галіне тэхнікі вершаскладання – на мяжы [[слоўнік/сілаба-танічнае-вершаванне|сілаба-тонікі]] і [[слоўнік/верлібр|верлібра]], з чаго так кпіў [[постаці/васіль-зуёнак|Васіль Зуёнак]]. Па меркаванню большасці крытыкаў, Сіпакоў дасягнуў сваёй творчай спеласці, напісаўшы «Веча славянскіх балад», у якіх дасягнуў мацнейшай выразнасці верша пры поўнай гармоніі формы і зместу.\\ Характар пышнай фантазіі Сіпакова, відаць, прасцей можа быць праілюстраваны канкрэтнымі прыкладамі. У вершы «Пра стол» (1963) стол і тое, што на ім, асацыіруюцца з вобразамі прыроднага свету: Марозікам пахне капуста,\\ Жаўруковаю песняй – яблык,\\ Вераснем – сопкая бульба,\\ Расой – агурок крамяны,\\ Селядец – глыбінёй акіяна,\\ Сонцам – акраец хлеба,\\ Ветрам і небам – піва...\\ А стол пахне добрай вячэрай.\\ Прыходзь да мяне, свет, вячэраць! \\ Іншы верш – «[[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-мова|Мова]]» (1963) багаты на цікавыя вобразы, якія перадаюць вялікую любоў да роднай мовы. Гэтая досыць стандартная для тых часоў тэма раскрываецца ў вершы арыгінальным чынам.\\ У вершы «Песня» (1975) аўтар выкарыстаў і развіў вобраз, створаны С. Ясеніным: рукі каханай як пара лебедзяў, аднак якраз у 60-я ягоная фантазія працавала больш актыўна, па меншай меры, у плане параўнанняў і метафар. Наступны кароткі вершык можа паслужыць апошнім пацвярджэннем нашай думкі: Дрэвы восенню – рэнтгенаўскія здымкі:\\ Як аголена глядзіцца кожны сук!\\ З вамі, дрэвы, сумаваць я пачынаю,\\ Калі вас нават птушкі абмінаюць, –\\ Баяцца вашых голых мокрых рук... \\ Янка Сіпакоў, несумненна, зрабіў многае для развіцця беларускай паэзіі, у першую чаргу, для разбурэння звыштрадыцыйных вобразаў і вялікай прыхільнасці да найбольш элементарных паэтычных формаў. Ён сапраўды праявіў сябе як глыбакадумны і адораны багатым уяўленнем творца як у паэзіі, так пазней і ў прозе.\\ \\ Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-кавыль/жыццёвы-і-творчы-шлях-міхася-кавыля]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/янка-золак/творчасць-янкі-золака]] * [[творы/анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна]]