~~META: title = Наша зямля &keywords = Сіпакоў, лісток, зямля, наша &abstract = Чытаць эсэ "Наша зямля" з кнігі Янкі Сіпакова "Зялёны лісток на планеце Зямля" &iftrue = nan ~~ ====== Наша зямля ====== Зямля, на якой жывуць беларусы, займае дзвесце сем тысяч шэсцьсот квадратных кіламетраў. Гэта значыць, што на нашай тэрыторыі магло б размясціцца аж пяць Швейцарый. Ці Літва, Латвія і Эстонія разам узятыя. I яшчэ б на Люксембург месца хапіла. I нават крыху засталося б.\\ Зямля Беларусі ляжыць паміж Чорным і Балтыйскім марамі. З поўначы на поўдзень яна працягнулася на 560 кіламетраў, з захаду на ўсход — на 650 кіламетраў.\\ Самая паўночная пядзя нашай зямлі знаходзіцца каля Асвейскага возера, самая паўднёвая — на Дняпры каля Камарына, самая заходняя — на рацэ Буг, а ўсходняя — непадалёк ад пасёлка Хоцімск.\\ Наша зямля займае захад Усходне-Еўрапейскай раўніны. Яна ляжыць на старажытнай платформе, якая мае вельмі паважаны ўзрост — 2 мільярды 600 мільёнаў гадоў.\\ Мы жывём на раўніне. Гор і цяснін, якімі ганарацца горныя народы, у Беларусі няма. Праўда, ёсць у нас Прыпяцкая ўпадзіна, але ж гэта зусім не цясніна. Праўда, маем мы сваю беларускую граду — паласу градава-ўзгорыстага рэльефу, якая цягнецца паміж Дняпром і Дзвіною. Але ж гэта яшчэ не горы.\\ Самая высокая наша гара — Койданаўская. Яна знаходзіцца на Мінскім узвышшы — найвышэйшай частцы Беларускай грады. Галоўная наша Джамалунгма ўзвышаецца над узроўнем мора аж на 346 метраў! Ёсць і іншыя, высокія ў нашым разуменні, горы— Лысая (342 м), Маяк (335 м), Мілідаўская (320 м), а таксама Міндоўгава каля Наваградка, Пышная каля Лепеля, Аршанска-Кубліцкае, Лукомскае ўзвышшы.\\ Але ж гэта — усяго толькі ўзгоркі. Дзе ім да тысячнікаў ды васьмітысячнікаў! Таму вельмі хочацца зразумець, дзе слынны географ старажытнасці Пталамей убачыў на нашай зямлі высокія «ланцугі гор», з якіх цякуць паўнаводныя рэкі?\\ Хаця ўсё можа быць: у валынскі геалагічны час у паўднёва-заходняй частцы сучаснай Беларусі адбывалася інтэнсіўная вулканічная дзейнасць, а вулканы ж, як вядома, нараджаюць горы. Але гэта было яшчэ да таго, як наша зямля ў канцы геалагічнага перыяду венду ў чарговы раз выйшла з-пад мора.\\ Нашы пагоркі — гэта нашы горы.\\ Таму і стварылі мы каля Лагойска свой горналыжны курорт «Сілічы». Крэсельныя пад’ёмнікі падымаюць горналыжнікаў на вышыню. Пяць гарналыжных трас, да якіх вядуць канатныя дарогі. Чатыры снежныя гарматы падтрымліваюць трасу спуску ў цудоўным стане аж да мая.\\ Нашымі гарамі сталі Эльбрус і Кіліманджара. А таксама самая высокая гара Паўднёвай Амерыкі — Аканкагуа, якую старажытныя інкі называлі «каменным вартавым». Беларускія альпіністы пакарылі гэтыя горы, занеслі на іх свой сцяг, таму яны цяпер — і нашыя. Як і вяршыня гары Чо-Ойю ў Гімалаях, на якую ўзышлі нашы альпіністы. Яе вышыня 8 848 метраў. На ёй шмат снегу, нізкія тэмпературы — аж да 50 градусаў марозу, а моцныя і хуткія вятры перасягаюць 200 кіламетраў за гадзіну. I Гімалаі цяпер таксама нашы!\\ А «бацька гісторыі» Герадот, які яшчэ за чатыры стагоддзі да новай эры пісаў пра нашых продкаў, што жылі яны ў басейне ракі Прыпяць, быў перакананы: прыпяцкая ўпадзіна — гэта мора. Столькі было тут вады. Таму ўслед за ім шмат хто і сёння называе Палессе Морам Герадота.\\ Шмат у нас і іншых нізін, раўнін, прагінаў: Стаўбцоўская і Верхненёманская, Суражская і Нарачана-Вілейская, Полацкая і Чашніцкая, Лідская і Аршанска-Магілёўская раўніны, а таксама Цэнтральна-Бярэзінская нізіна, што ляжыць у басейне рэк Друць, Бярэзіна і Пціч.\\ На адну трэць наша зямля ўзгорыстая, на дзве трэці — раўнінная.\\ Краявіды нашы спакойныя, мясцовасць — разнастайная, расліннасць на поўдні — вясёлая, на поўначы — задумлівая. Раўніны — прывабныя, узгоркі — прыгожыя, забалочаныя мясціны — таямнічыя, лясы — супакаяльныя. Ландшафты— марэнныя, на нашай зямлі шмат азёраў і валуноў. Шмат балотаў.\\ Наша зямля — гэта пашы, лугі, лясы і вада. Гэта — збажына, трава, бярозы, ліпы і елкі, кветкі і матылі на іх. На сваёй зямлі мы аром і сеем, косім сена для сваіх хатніх жывёл, збіраем ягады, грыбы, ловім рыбу, будуем хаты.\\ Зямля наша не вельмі багатая, але і не бедная.\\ У нас амаль няма такой глебы, пра якую гавораць, што хоць ты яе на хлеб намазвай, хоць сам яе еж, хоць да раны прыкладай. Маўляў, дубец уторкнеш, а вырасце яблыня.\\ У нас мала чарназёму. Глеба наша пераважна дзярнова-падзолістая, забалочаная, тарфяна-балотная, гліністая ды пяшчаная...\\ Але ж яна і такая, арошаная нашым потам, аплодненая нашай дабратою, упрыгожаная нашым працалюбствам і ўпартасцю, спрадвек карміла нас, корміць і, спадзяюся, будзе карміць і ў будучыні.\\ Тым больш, што яны не такія ўжо і бедныя, нашы землі. Нетры Беларусі багатыя на калійную і каменную солі, на будаўнічыя матэрыялы, на торф, нафту, гаручыя сланцы, на падземныя мінеральныя воды.\\ Адных тарфянікаў выяўлена 7 тысяч радовішчаў. Па плошчы— гэта 2,5 мільёна гектараў, па запасах каля 2 мільярдаў тон. А гаручыя сланцы, што знойдзены ў Прыпяцкім сланцавым басейне, які сфарміраваўся 270 мільёнаў гадоў таму, маюць запас у 800 мільёнаў тон.\\ Толькі за апошняе стагоддзе ў нас разведана каля 30 відаў карысных выкапняў, адкрыта больш за 4 тысячы радовішчаў і пакладаў.\\ Сярод іх — Мікашэвіцкі граніт, па моцнасці якому няма роўнага ў Еўропе.\\ Салігорскія мінеральныя ўгнаенні, якія саступаюць па якасці толькі нямецкім калійным солям. «Беларуськалій» займае ў свеце другое пасля Канады месцы па экспарту калійных угнаенняў на сусветны рынак.\\ Прамысловыя расолы прыпяцкага прагібу, з якіх Беларусь будзе здабываць ёд, бром і іншыя каштоўныя элементы, якія мы за валюту купляем за мяжою.\\ Радовішча жалезнай руды з утрыманнем у ёй 36% жалеза, якое адкрылі беларускія геолагі пад Стоўбцамі.\\ Жыткавіцкае і Брынёўскае радовішчы бурага вугалю хаваюць у сабе дзесяткі мільёнаў тон, а агульныя запасы беларускага вугалю складаюць 1,5 мільярда тон.\\ I нарэшце — алмазы! Беларусь можа стаць краінай алмазаў. У Жлобінскім раёне вядуцца разведачныя работы алмазных радовішчаў, бо па аналізу нашых нетраў характэрныя для алмазных трубак мінералы-спадарожнікі ўтрымліваюцца ў іх амаль на 40 працэнтах тэрыторыі нашай краіны.\\ Праўда, мы і цяпер прадаём ужо на сусветным рынку свае алмазы. Масай да 2 каратаў. Збіраемся прадаваць і большыя монакрышталі — да 5 каратаў. Аднак яны — сінтэтычныя. Штучныя. Вырашчаныя, сінтэзаваныя ў нашых лабараторыях. А то будуць сапраўдныя! З нашых беларускіх алмазных трубак!\\ I яшчэ ў нас ёсць вялікая надзея на золата і іншыя каляровыя металы. I не толькі надзея, але і сцверджанні шмат якіх беларускіх геолагаў.\\ I яшчэ: нашы скарбы — у нашай зямлі. Як кажуць археолагі, беларуская зямля — самы велізарны сейф з багаццямі ў Еўропе: у нас знойдзена і зарэгістравана больш за 1100 скарбаў, якія, схаваныя даўно, засталіся нам ад іншых стагоддзяў.\\ Аднак калі б у нашай зямлі ўсяго гэтага і не было, мы б усё роўна любілі яе так жа, як любім і цяпер — самааддана і захоплена. Якіх толькі добрых слоў не напрыдумваў беларус пра сваю карміцельку! З якім замілаваннем ён заўсёды гаварыў, гаворыць і будзе гаварыць пра яе: //Зямелька — матка наша: і корміць, і поіць, і адзявае нас.\\ Родная зямелька— як зморанаму пасцелька.\\ На роднай зямельцы і вароты пірагом падпёрты.// Жыта, ячмень, пшаніца, авёс, гарох, боб, бульба, морква, буракі — таксама нашы карысныя выкапні.\\ I лён — зноў жа з зямлі. Ён таксама наша каштоўнасць. Нездарма рымскі пісьменнік Апулей называў яго адным з лепшых пладоў зямлі. Нездарма яго ў нас купляюць Расія, Польшча, Германія, Літва, Балгарыя, Румынія, Славакія, Чэхія, Эстонія і іншыя краіны. Прадаём свой лён у свет, але яго яшчэ і сабе застаецца. Нашаму Аршанскаму льнокамбінату, ільняныя вырабы якога таксама любяць за мяжою.\\ Наш лён — нашы грошы. I не толькі нашы — еўра, еўрапейская папяровая валюта, робіцца з дабаўленнем нашага беларускага лёну!\\ Лён — наш скарб. Хоць ён — расліна старажытная і быў вядомы яшчэ ў Асірыі і Вавілоне. Егіпецкія жрацы насілі адзенне з ільнянога палатна — як сімвал чысціні і святла. Муміі фараонаў загортваліся ў ільняныя тканіны. Ільняны кужаль, падараваны Афіне Радоскай, па сведчанні Герадота, быў сатканы з ільняных нітак, кожная з якіх была скручана з 360 танюсенькіх валаконцаў. Такая тканіна была на вагу золата: на адну чашу вагаў клалі тканіну, на другую — залатыя зліткі.\\ I яшчэ беларус разумее, што зямля і не тоне, і не гарыць. I таму самы надзейны і самы шчыры яго заступнік і абаронца — родная зямля, да халаднавата-ласкавай шчакі якой так і хочацца прыгарнуцца шчакой у любую часіну года.\\ Прылашчыцца даверліва да яе пылу. Хоць гэты пыл можа ужо быць і не толькі нашым — у ім можа згубіцца пяшчынка з барханаў Каракумаў, варсінка вярблюджай шэрсці з пустыні Сахара, калючая макулінка горных парод з Гіндукуша. Узнятыя ветрам і ўроненыя на нашу зямлю, яны таксама сталі нашымі.\\ Мы гаворым: «Зямля святая, яна наша маці, яна нас жывых корміць, а па смерці да сабе прыхіляе».\\ Мы разумеем: зямлю нельга калупаць ботам, нават босаю нагой, яе нельга біць палкай, сцябаць пугаю, недаравальна пляваць на яе са злосцю.\\ Бо мы спрадвеку лічылі сваю родную зямлю святыняю, сакральным сімвалам жыцця і роду. Для нас яна заўсёды была крыніцаю ўсяго жывога ў прыродзе і нават атаясамлівалася з самой прыродаю. Мы ад сівой даўніны ўяўляем яе вяршыняй дасканаласці і гармоніі.\\ Таму пачатак веснавых палявых работ быў і ёсць для нас вельмі вялікім святам.\\ Таму беларус, калі выпраўляўся куды далёка, абавязкова браў з сабою хоць жменьку роднай зямлі — яна нібы-та звязвала яго з Бацькаўшчынай і дапамагала пераадолець настальгію па родным краі. Яна была яго вераю, што ён абавязкова вернецца дадому.\\ Таму мы верылі, што падчас ліхалеццяў і нацыянальных трагедый зямля пакутуе, стогне разам з людзьмі, і яе стогны нават могуць пачуць вельмі чуллівыя людзі.\\ Зямля, як багіня Гея свайму сыну Антэю, дае нам усім сілу-моц.\\ На яе, нашу зямельку, мы ўпершыню становімся босенькімі ножкамі і ў яе, як у калыску, кладземся, пражыўшы жыццё, назаўсёды.\\ Наша зямля — самае дарагое для нас багацце.\\ Мы самыя багатыя на яе ў Еўропе: Беларусь адзіная на кантыненце краіна, якая мае аж 60 сотак зямлі на кожнага чалавека. У той час, як на кожнага галандца прыпадае ўсяго толькі 6 сотак...\\ Ніхто не ведае, колькі дакладна каштуе зямля. Але ўсе ведаюць: яна бясцэнная.\\ Наша зямля — гэта наша радзіма. Наша дзяржава. Наша жыццё. Нашы звычкі і песні.\\ То ж пра яе, нашу зямельку, [[постаці/максім-багдановіч|Максім Багдановіч]] пісаў:\\ «Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў, — свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адрачэмся, не забудзем, не кінем на глум, будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім пра тое запаведаваць».\\ I яшчэ раз пра скарбы. Наша паэтэса [[постаці/алаіза-пашкевіч-цётка|Цётка]] гаварыла:\\ «Скарб, які ніхто і ніколі адабраць у нас не зможа, гэта любоў да айчыны, да свайго народа, да роднай мовы».\\ «I да роднай зямлі», — хочацца дадаць ад сябе.\\ Бо менавіта Зямлёю называлі мы ў старажытнасці сваю першую дзяржаву — Полацкая Зямля. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-клетка]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-лета-з-мятлушкай]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-перавернуты]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-заміра]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-як-спакайней]]