~~META: title = Янка Лучына — Стары ляснік &keywords = Лучына, стары, ляснік &abstract = Чытаць верш Янкі Лучыны "Стары ляснік" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Лучына — Стары ляснік ====== − Паночку, даражэнькі, дай пораху крышку,\\ Калі маеш увагу на старога Грышку!..\\ От ліха наляцела! прыйшло на астатак:\\ Найлепшае заўчора з нашых жарабятак\\ Мядзведзь − падла... ды каб жа ваўкі яго з'елі! −\\ Задушыўшы ў лесе, кінуў каля елі!..\\ А Божа ж мой!, от быў бы конь цераз два годы,\\ А цяпер што? − нічога акром адной шкоды!\\ Дай пораху, паночку! −\\ Так стары, чуць жывы\\ Прасіў пана даўнейшы са двара мыслівы.\\ − Што ж тут порах паможа?\\ − Каб раз здох маруха,\\ Яго я пачастую са стрэльбы у вуха!\\ − Чы ты, Грышка, звар'яцеў?\\ − Не! − дзякаваць Богу!\\ − Як жа ж ты на мядзведзя?.. Ледзьве цягнеш ногі,\\ Як бы ў ліхаманцы, скачуць табе рукі.\\ − I сам я гэта знаю... Калі ж плачуць ўнукі,\\ Ды й гоманам вялікім поўна наша хатка.\\ Каб пан відзеў, якое было жарабятка!\\ I доўга, й шырока, і крэпка у карку,\\ Сама гэты конь быў бы нам у гаспадарку!..\\ Не дарую!., мядзведзю павыцягну жылы!\\ Каб не меў я спакою і сярэдзь магілы,\\ Калі будзе без кары то насенне ўражжа!!!\\ Чы ён мне шкуру злупіць, чы сам, шэльма, ляжа!\\ − Ды ты ж хіба са стрэльбай даўно не меў дзела?\\ − Лет з пятнаццаць, як старасць маю сілу з'ела!\\ − Што ж цяпер ты ўздумаў? − ты ж старэй ад хрэна,\\ Страляючы, не ўцэліш і ўкапу сена.\\ − Скуль пан знае?.. Аднача ж я лічу на гэта,\\ Што маруху патраплю перавесць са света.\\ Не глядзі, пан, што гарбом мне сагнула спіну;\\ Вымяркую ў вуха чы ў лоб, ў серадзіну!\\ − Ды ты хіба сягоння блёкату аб'еўся?..\\ Куды ж розум даўнейшы у цябе падзеўся?..\\ Мерыш сілы старый Бог знае якой мерай!\\ − Дай пораху, паночку, бо пайду з сякерай!\\ − Ось мы лепей іначай гэту скончым справу:\\ На мядзведзя скора устроім аблаву!..\\ − А, крый божа! не трэба, паночку, не трэба!\\ Ён уцячэ з аблавы!.. Не скаштую хлеба,\\ Спаць не буду, пакуль жа не заб'ю маруху,\\ Паку ль чорну на зямлю не выпушчу юху,\\ Пакуль шкуру ў нашай не развешу хаце:\\ Ось! − гэта для вас, дзеткі, па нашай утраце.\\ Ён уцёк бы з аблавы, як піць даць, паночку.\\ Да жарабятка прыйдзе на трэцюю ночку,\\ А я і прыпільную!!!\\ − Проста жаль старога!..\\ Слухай, Грышка! − каб дзеткі не плакалі многа,\\ Дарую жарабятка ад сівой кабылы!..\\ Бяры й успакойся!\\ − Да самай магілы\\ Буду Бога за вас прасіць, ясны пане!..\\ Каб вам і вашым дзеткам даваў панаванне\\ За вашудля нас, бедных, добрую натуру,\\ Ды й пану ж ад мядзведзя прывалаку шкуру.\\ − Як та шкуру? − якую?..\\ − Ды з яго, халеры,\\ Жаль бо нейкі вялікі еў мяне без меры,\\ Яго я звесці кляўся, пакляўся на душу...\\ Дык і слова прад Богам стрымаць цяпер мушу...\\ − Гм!.. а стрэльбу чы маеш?\\ − Ёсцека у клеці; −\\ Учора трошкі правіў, папсавалі дзеці,\\ Але стрэліць − нічога!.. я знаю старуху,\\ Яшчэ раз мне паслужыць!.. будзе гад без духу!\\ − Ты лепей гэты штуцэр на! бяры ад мене!\\ − Не, паночку, не трэба!.. кажу на сумленне,\\ Не умею я з панскай... лепей з сваёй плясну,\\ Але будзь, пан, спакоен! − як у свечку ясну!\\ − Казёл ты! больш нічога!.. Усе вы такія!..\\ На порах!.. дый няхай жа сам Бог цябе крые! −\\ Назаўтра яшчэ з лесу не ўзглянула сонца,\\ Пан праснуўся, падняўся, паглядзеў у аконца;\\ Глядзь! − а Грышка са стрэльбай сядзіць ўжо на ганку:\\ − Па мядзведзя да лесу пашлі, пан, хурманку. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>у-мядзведжай-бярлозе]] * [[ibdc.ped>нечаканая-сустрэча-3375]] * [[творы/янка-лучына/творчасць-янкі-лучыны]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-палясоўшчык]] * [[ibdc.ped>гаспадар-лесу]]