~~META: title = Паляўнічыя акварэлькі з Палесся. Ідэйны змест і мастацкія асаблівасці &keywords = Лучына, Грышка, Палессе &abstract = Ідэйны змест і мастацкія асаблівасці паэмы "Паляўнічыя акварэлькі з Палесся" Янкі Лучыны &iftrue = nan ~~ ====== Паляўнічыя акварэлькі з Палесся. Ідэйны змест і мастацкія асаблівасці ====== Паэма «[[творы/янка-лучына/янка-лучына-паляўнічыя-акварэлькі-з-пале|Паляўнічыя акварэлькі з Палесся]]» напісана на польскай мове, на родную мову быў перакладзены аўтарам раздзел «Стары паляўнічы».\\ У лісце да З. Пшасмыцкага (рэдактара варшаўскага часопіса «Zycie») [[творы/янка-лучына/творчасць-янкі-лучыны|Янка Лучына]] пісаў: «Чым жа прывабліваюць нас «Паляўнічыя акварэлькі»? Не ведаю. Мабыць тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаны яны з сапраўдных факцікаў... «Паляўнічых акварэлек» я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і без ног (на пачатку 80-х гадоў пісьменнік быў паралізаваны), трываю ў заўзятасці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсць самапал і езджу, калі здарыцца, паляваць на ўражанні, бо звярыну нячаста пазбаўляю жыцця...» Аўтар прызнаваўся, што зместам паэмы стала асабіста перажытае і пабачанае. Паніч, ён жа апавядальнік, — гэта сам аўтар. Пэўна, меў рэальнага жыццёвага прататыпа і стары Грышка, галоўны герой твора.\\ Даследчыкі адзначаюць, што па маштабу і ўзроўню мастацкага абагульнення вобраза, роўнага вобразу паляўнічага Грышкі, ні ў беларускай літаратуры, ні ў іншамоўнай літаратуры Беларусі другой паловы XIX ст. няма. Грышка ўздымаецца над героямі іншых твораў свайго часу шырынёй бачання рэчаіснасці, імкненнем спасцігнуць змены ў жыцці народа.\\ Ва ўступе сумненні старога паляўнічага ў неабходнасці змен не прымаюцца. Сумненні гэтыя тлумачацца закасцянеласцю, патрыярхальнасцю поглядаў героя:\\ Выхоўвалі яго імшарыны, чарот, Разліваў далі, душагубкі, што з калод. Спрачацца з Грышкам цяжка, ў галаве закутай I дыспут не асветліць векавых закуткаў...\\ Але з часам спраўджваюцца песімістычныя прадказанні старога паляўнічага. Прыгажосць прыроднага свету неразумна нішчыцца, багацце спусташаецца — над усім пануюць голы разлік і карысць. Апавядальнік вымушаны прызнаць, што Грышка, а не ён са сваім аптымізмам, меў рацыю. Пан ехаў праз Кругліцу, дзе ж яе краса?\\ Як выглядае пустка, бачыў сам?\\ Ні поля там не будзе, ні лугоў, ні пашы —\\ Адна пустэча толькі, што людзей адстрашыць!\\ Які раскошны лес спакон вякоў там быў!\\ Дзе ж ён? Зладзюга Фоттэль кішэню набіў. \\ Грышка ў канцы паэмы паказваецца чалавекам, які разумее неабходнасць навукі, ведаў у жыцці народа, які з гэтым звязвае шчаслівую будучыню сваіх унукаў.\\ У характары і паводзінах старога паляўнічага прывабліваюць высокая маральнасць, сумленнасць, спагадлівасць, смеласць, мужнасць. Ён вучыць паніча любіць усё жывое, не забіраць без патрэбы нічыё жыццё (раздзел «Першае маё паляванне на ласёў»), паважаць хлеб і даражыць ім (раздзел «Голад»). Што ж тычыцца палявання, то тут стары Грышка непераўзыйдзены знаўца. Ён не раз здзіўляе апавядальніка.\\ «Паляўнічыя гісторыі» («Паляўнічыя акварэлькі») пад пяром пісьменніка перараслі ў расказ пра свой таленавіты, сціплы, мужны, цярплівы народ, у роздум пра будучыню роднага краю.\\ Значнае месца ў творы займаюць апісанні прыроды, павадак, нораваў звяроў і птушак, што насяляюць беларускія лясы. Пейзажныя замалёўкі Янкі Лучыны напоўнены гукамі і пахамі, яны каляровыя і жывыя: Прыгожы, некрануты край перада мною,\\ Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю,\\ Дзе хвой выносістых завершаны стажок,\\ Як галаву, траха пасерабрыў сняжок,\\ А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты,\\ З разлогаю сукоў магутных, вузлаватых.\\ Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой... \\ Янка Лучына адзін з першых у новай беларускай літаратуры апаэтызаваў прыгажосць роднай прыроды. У яго творах яна набывае эстэтычную каштоўнасць, ачышчае і ўзвышае чалавека. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>сцяжынкамі-янішчыц]] * [[ibdc.ped>палесся-абрус-аксамітны]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-гарывада]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-на-палессі]] * [[ibdc.ped>прыпяцкі-запаведнік]]