Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-купала:ідэйны-змест-паэмы-купалы-тарасава-доля

Гэта старая версія дакумента!


Ідэйны змест паэмы Купалы "Тарасава доля".

У паэме «Тарасава доля» Янка Купала выяўляе глыбокую любасць да братняга украінскага народа і яго кабзара. У творы такога тыпу лёгка збіцца на просты пераказ біяграфіі, але з Купалам гэтага не здарылася. Вобраз Шаўчэнкі арганічна упісваецца у гісторыю украінскага народа, яго культуру; ён падаецца як носьбіт нацыянальнай свядомасці украінцаў.
У паэме Купала узнаўляе самыя драматычныя эпізоды біяграфіі прыгоннага хлапчука, надзеленага талентам мастака і паэта.
Жыццё і творчасць Тараса Шаўчэнкі маюць адносіны да нашага краю, да Беларусі. Гэта адлюстравана ў паэме Купалы. Як дваровы пана, Тарас спачатку жыў у Вільні, потым — у Пецярбургу. Юнак бачыў вакол прыгожыя беларускія лугі, лясы, крыніцы, а таксама бедныя хаціны, паднявольных людзей, — як і на Украіне.
Беларускага паэта цікавіць не толькі сацыяльны лёс Тараса-юнака, аднолькавы для ўсіх прыгонных, але і асабістае яго жыццё. Аўтар расказвае пра каханне юнака да прыгожай Аксаны, пра яго вернасць ёй у вымушанай разлуцы.
Тры раздзелы паэмы прысвечаны песні Тарасавай, бясстрашнаму, непадкупнаму слову кабзара. Вялікі духоўны скарб, якім валодаў юнак, ён шчодра аддаваў народу, любай сваёй Украіне.
Народ пачуў песню свайго кабзара і прыняў яе да сэрца. Тыя хто панаваў, меў сілу і ўладу, вырашылі адабраць у яго гэты скарб, закаваць у кайданы песняра разам з яго песняй: Шаўчэнку арыштоўваюць і ссылаюць у салдаты на дзесяць гадоў у Орскую крэпасць у Арэнбургу. Яшчэ адзін шлях, «катаржны, нялёгкі, вытаптаны горам», прайшоў паэт да месца сваёй ссылкі. Там яму было строга забаронена пісаць і маляваць. Вярнуўся ён адтуль хворы, знясілены, але не выракся песні пра Украіну-маці. Песня яго стала неад'емнай часткай духоўнага жыцця Украіны, бясцэнным скарбам народа.
Першы і заключны раздзелы пераклікаюцца: тут Купала славіць новую, вольную, Савецкую Украіну, у якой шануюць і паважаюць песню Тараса Шаўчэнкі, што у цяжкія часы прарочыла лепшы, шчаслівейшы лёс сваёй бацькаўшчыне.
Шчырую любоў да вялікага сына Украіны і яго творчасці, роднасць яго і сваёй песні Купала падкрэслівае у «Тарасавай доле» выкарыстаннем прыёмаў і прынцыпаў, уласцівых стылю і паэтыцы Шаўчэнкі. Асабліва адчуваецца гэта у заключным раздзеле, напісаным у стылі Шаўчэнкавага «Заповіта».

Падобныя старонкі

  • янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп
  • янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц
  • янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа
  • янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-
  • янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы
творы/янка-купала/ідэйны-змест-паэмы-купалы-тарасава-доля.1755861442.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:17 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki