~~META: title = Янка Купала ў савецкай Беларусі &keywords = купала, паэт, купалы, паэта, пералом, савецкай, янка, перыяд, сталіну, пісаў, вершаў, герой, зямлі, адраджэння &abstract = Творчасць Янкі Купалы ў савецкай Беларусі &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала ў савецкай Беларусі ====== За часамі ўсталявання Савецкай улады дачыненні Купалы з афіцыйнымі коламі абумовілі пералом у ягонай творчасці. Быў перыяд нязгоды з антыбеларускімі палітыкамі, якія адмаўлялі ўсё нацыянальнае і па-за воляй беларусаў заключылі ганебную Рыжскую дамову. Пакрыёмны апазіцыянізм Купалы рэалізаваўся праз практыку "ўнутранай эміграцыі і маўчання" працяглы час паэт не пісаў вершаў. Пазней Купала дазволіў сабе супрацоўніцтва з Савецкай уладай на глебе беларусізацыі, культурнага адраджэння.\\ Гэты пералом выявіўся ў хрэстаматыйных радках верша, напісанага ў 1924 г., лірычны герой якога абвяшчае: ... О так! Я – пралетар!..\\ Яшчэ учорах раб пакутны –\\ Сягоння я зямлі ўладар\\ І над царамі цар магутны!\\ \\ Мне Бацькаўшчынай цэлы свет,\\ Ад родных ніў я адвярнуўся...\\ Адно... не збыў яшчэ ўсіх бед:\\ Мне сняцца сны аб Беларусі! \\ Крытык Антон Адамовіч сцвярджаў, што верш быў адрасаваны паэту і палітыку, нацыянал-камуністу [[постаці/цішка-гартны|Цішку Гартнаму]]. Так ці іначай, паэт развітваўся з былымі марамі пра ідэальную Беларусь, і на іх месца прыходзіла сацыялістычная ява.\\ Янка Купала ў перыяд напісання твораў для зборніка "Безназоўнае" і крыху пазней яшчэ выглядае гарманічным у выказванні думкі і пачуцця, але пазней гэтая гармонія знікне. На пачатку сталінскага тэрору, у перыяд вынішчэння т. зв. нацдэмаў над паэтам навісае смяротная небяспека. Яго абвінавачваюць у стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі, цягаюць на допыты, і пад невыносным псіхалагічным уціскам Купала здзяйсняе няўдалую спробу самагубства. Канчатковы пералом у яго творчым жыццяпісе пазначыў пакаянны ліст, які паэт накіраваў у газету "Звязда". У гэтым лісце ён вінаваціцца ў грахах, якіх у яго не было, выракаецца сваіх былых сяброў і паплечнікаў па "Нашай Ніве", вымаўляе сказ з шматзначным падтэкстам: "Ніколі я не паміраў". Але духоўны і творчы стан зламанага паэта набліжаецца да агоніі.\\ Янка Купала ў 1930-я гады – гэта вонкава шчаслівы, аблашчаны ўладамі паэт, у якога ёсць усё: дабрабыт, пажыццёвая пенсія, званне народнага паэта і ўзнагароды, сядзіба каля Свіслачы і лецішча Ляўкі на стромым беразе Дняпра, уласнае аўто і кіроўца... Няма толькі спакою, упэўненасці ў будучыні. Купала стварае ў гэты час узоры сервільнай, а гэта значыць, няшчырай паэзіі, бо мусіць так рабіць, каб ацалець і ўратаваць сябе і сваю сям’ю. Шэраг вершаў ён прысвячае Іосіфу Сталіну, удзельнічае ў напісанні калектыўнага "Пісьма беларускага народа Вялікаму Сталіну" (1936), хоць вядома, што "правадыра ўсіх народаў" Купала ненавідзеў.\\ Кампраміс паміж талентам, не прыстасаваным да служэння, і сумленнем Купала знаходзіў у фалькларызацыі, спрашчэннях. Творы "пад заказ" ён пісаў у манеры "стук, грук, абы з рук". У вершах "ляўкоўскага цыклу" паэт стварыў вобраз калгаснай утопіі, яшчэ адзін рай на зямлі, пра які ён некалі марыў у паэме "Яна і я". Несвабода паэта, якому загадвалі тварыць на тую або іншую тэму, вазілі на сацыялістычныя будоўлі, у тым ліку на Салаўкі і Беламорканал, часам праглядаецца ў падтэксце сервільных твораў, прыкладам, у вершы "[[творы/янка-купала/янак-купала-хлопчык-і-лётчык|Хлопчык і лётчык]]", герой якога выказвае рызыкоўнае жаданне: \\ Мне ўжо надакучыла дома –\\ Ў дзіцячы хадзі адно сад.\\ А так паглядзеў бы, вядома,\\ На іншы парадак і лад. \\ Філасофію купалаўскай творчасці параўноўваюць з палётам чалавечага духу, які пераадолеў зямны цяжар, узняўся над побытам і прыземленай экзістэнцыяй. Смерць Купалы параўноўваюць з Ікаравым падзеннем. Ён загінуў за часамі другой сусветнай вайны, у Маскве, куды быў выкліканы з сяла Пячышчы на Волзе, нібыта для таго, каб быць ушанаваным на чарговым сваім юбілеі. Загадкавая гібель Купалы, прычыны яго падзення ў лесвічны пралёт у гатэлі "Масква", дзе ён спыніўся, дагэтуль з’яўляюцца загадкай для біёграфаў.\\ Відавочныя вонкавыя прычыны, якія так або інакш прывялі да смерці паэта – яго нязгода з рэжымам, цкаванне з боку ўладаў.\\ \\ Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]] * [[творы/янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы]] * [[творы/янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц]] * [[творы/янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]]