~~META: title = Янка Купала — Сын і маці &keywords = мамка, беларусы, маці, такое, завецца, жылі, бачыш, кажа &abstract = Чытаць верш Янкі Купалы "Сын і маці" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Сын і маці ====== //Сын// \\ – Мамка, мамка, нам сягоння Гаманілі ў школе Аб якойсьці Беларусі, Што жыве на волі. \\ Хоць я слухаў вельмі шчыра (Не люблю іначай), Ды ніяк не мог уцяміць, Што ўсё гэта знача. \\ \\ //Маці// \\ – А вось тое, мае дзеткі, Глянь-зірні наўкола: Бачыш гэтыя сялібы, Хаткі нашых сёлаў; \\ Гэта поле – шнур ля шнура – Ўзгоркі і лагчынкі, На узмежку грушу-дзічку, Крыж каля пуцінкі? \\ Бачыш логі, сенажаці, А на іх – крыніцы, Далей – бор зялёны, гонкі, Што увысь глядзіцца? \\ А там далей, дзе ўжо вока Дасягнуць не можа, Тое самае пабачыш, – А ўсё так прыгожа! \\ Сотні вёсак і мястэчак, Гарадоў нямала, Рэк бурлівых, пушч гамонкіх З неапетай хвалай. \\ Там плывуць Дняпро і Сожа, Ды Дзвіна і Нёман, Белавежы, Налібокаў Там чуваці гоман. \\ Гарады – Мінск, Віцебск, Вільня, Магілёў, Гародня І Смаленск з сцяной цаглянай Разляглі выгодне. \\ Аб вялікай нашай славе Сведчаць на свет цэлы, – Як жылі мы, панавалі Ў родным краі смела. \\ Во ўсё гэта, мае дзеткі, Ад межаў да межаў Беларусяю завецца Й да цябе належа. \\ //Сын// \\ – А! Ўжо сцяміў! Дык багат я, Меўшы столькі цудаў: Гэткім чынам я ніколі Служкаю не буду. \\ Ну, а йшчэ скажы мне, мамка, Бо я не разважыў: Што такое беларусы, Як настаўнік кажа? \\ //Маці// \\ – Ах, які ты йшчэ дурненькі, Каб не скеміць гэта! Ну, паслухай: усе людзі Што ад лета ў лета, \\ Ад пакон вякоў жылі тут І жывуць сягоння, Носяць світкі, носяць лапці Ды былі ў прыгоне, \\ Ўсе – і ты, і я, суседзі, Хто, па-твойму, прусы? Дык жа ўцям: на Беларусі Жывуць беларусы! \\ Ды яшчэ, каб лепей ведаў, Мушу табе ўспомніць: Беларусы беларускай Гутаркай гамоняць. \\ //Сын// \\ – Вось яно што! Праўда, мамка, Ўжо сабе ўтлумачыў: Беларус я! Ох, дам пытлю, Хто скажа іначай. \\ Ну, але яшчэ не ўсё тут Ясным мне здаецца: Што такое беларускай Гутаркай завецца? \\ //Маці// \\ – Ой, дурненькая варона, Што з табой чыніці! Як жа йначай беларусы Могуць гаманіці? \\ Як жа мы з табой гуторым Вось у гэту хвілю? Як жа я пяю над зыбкай Для малой Марылі? \\ Ды паслухай, як на вёсцы Кажа дзядзька, цётка; Як пяюць улетку жнеі За сваёй работкай; \\ Як бабуля баіць казкі Аб нядолі-долі; Як начлежнікі спяваюць На начлезе ў полі?! \\ //Сын// \\ – Ну, ўжо знаю, знаю, мамка! Як у люстры бачу, Пакажу я ўсяму свету, Хто я, дый што значу! \\ \\ 1921 \\ \\ Крыніца: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 4. Вершы, пераклады 1915-1929. – Мн.: Маст, літ., 1997. – 446 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-сыны]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-над-калыскай]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-бацька-і-сын]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-у-калыханку-сыну]]