~~META: title = Янка Купала — Сыны &keywords = &ndash, купала, &rarr, бацька, \r\nдзе, \r\n\r\n*\r\n&ndash, грачанікаў, будзе, янішчыц, гэтак, \r\nкаб, кліча\r\nна, \r\nа, \r\n\r\ni, адказ, \r\n\r\nкаб, купала &rarr &abstract = Чытаць верш Янкі Купалы "Сыны" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Сыны ====== Сыноў бацька сваіх кліча На параду ў хату, А ўрачыста, як бы кліча На якое свята. \\ I з павагаю пытае Кожнага ў асобку, Кім з іх кожны быці хоча, Якім жыць заробкам. \\ * – Бо, сыны мае, – так кажа, Жывіцё ў краіне, Чалавечая дзе праца Намарна не гіне. \\ I сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. \\ * Першы кажа: – Землі буду Трактарам варочаць, Каб рунелі, зелянелі, Аж яснелі вочы. \\ Каб раслі ў рост чалавека Жыта і пшаніца, Каб аж госці к нам з-за свету Ехалі дзівіцца. \\ * Другі кажа: – На заводзе Быць хачу даўно я, Дзе чыгун ракою льецца, Дзе звініць сталь звонам. \\ Будаваць буду дзень цэлы Домны і мартэны, Медзь і вугаль браць у дзела Ад шахтаў падземных. \\ * – Плаваць я пайду на мора, – Сказаў гэтак трэці, – Дзе «Чэлюскін» горда плаваў, Дзе пурга, дзе вецер. \\ Ад халодных да гарачых Мораў рэйс мой будзе. Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. \\ * Сын чацвёрты: – Хачу лётаць Птушкаю крылатай, Мераць неба ў самалёце Над тваёю хатай. \\ Арлянём сябе ў сне бачу, Не знаю спакою… Хачу быць я, мой ты бацька, Лётчыкам-героем. \\ * – Байцом буду я чырвоным, – Пяты кажа гэтак, – Сцерагчы граніцы-межы Краіны Саветаў, \\ Каб наш вораг пры нападзе Сустрэнуў магілу. Байцом буду, каб з мяне быў Рад сам Варашылаў. \\ * А сын шосты: – Складаць песні Буду, колькі змогі, Пра вялікія падзеі... Сталінскай эпохі \\ Як працуем, як знішчаем Здрадныя напасці, Як будуем, як ствараем Казачнае шчасце. \\ * Так сыны адказ трымалі З гонарам юначым, Свае выказаці думкі Не ўмелі іначай. \\ Бальшавік быў іхні бацька, Пралетарый родам, Зведаў сушы, зведаў моры, Бітвы і паходы. \\ 1935 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/янка-купала-сын-і-маці]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-у-калыханку-сыну]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-над-калыскай]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-бацька-і-сын]]