~~META: title = Верш Янкі Купалы "Спадчына" &keywords = спадчына &abstract = Верш Янкі Купалы "Спадчына" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Спадчына ====== Ад прадзедаў спакон вякоў\\ Мне засталася спадчына;\\ Паміж сваіх і чужакоў\\ Яна мне ласкай матчынай.\\ \\ Аб ёй мне баюць казкі-сны\\ Вясеннія праталіны,\\ І лесу шэлест верасны,\\ І ў полі дуб апалены.\\ \\ Аб ёй мне будзіць успамін\\ На ліпе бусел клёкатам\\ І той стары амшалы тын,\\ Што лёг ля вёсак покатам;\\ \\ І тое нуднае ягнят\\ Бляянне-зоў на пасьбішчы,\\ І крык вароніных грамад\\ На могілкавым кладзьбішчы.\\ \\ І ў белы дзень і ў чорну ноч\\ Я ўсцяж раблю агледзіны,\\ Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,\\ Ці трутнем ён не з’едзены.\\ \\ Нашу яго ў жывой душы,\\ Як вечны светач-полымя,\\ Што сярод цемры і глушы\\ Мне свеціць між вандоламі.\\ \\ Жыве з ім дум маіх сям’я\\ І сніць з ім сны нязводныя.\\ Завецца ж спадчына мая\\ Ўсяго Старонкай Роднаю. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-спадчына]] * [[ibdc.ped>спадчына-3991]] * [[аналіз-і-крытыка/нам-засталася-спадчына]] * [[ibdc.ped>спадчына-6262]] * [[ibdc.ped>спадчына]]