~~META: title = Янка Купала — Снег &keywords = снег, смех, спавіў, сваяк, пасцель &abstract = Чытаць верш Янкі Купалы "Снег" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Снег ====== Залягла, як пасцель,\\ Лебядзіная бель\\ На загон, на курган.\\ I кажан, і груган\\ Занямеў не на смех:\\ Гэта снег, толькі снег...\\ \\ За старухай-зямлёй\\ Ты пасцель, дружа мой,\\ Узваліў на душу,\\ Як бы крыж на мяжу,\\ I ужо рад не на смех: Гэта снег, толькі снег... \\ Думкі, сэрца, паглёд\\ Абліў лёд, скаваў лёд.\\ Так спавіў, спавіў сам,\\ Каб лягчэй было там,\\ Дзе жыццё не на смех: Гэта снег, толькі снег... \\ Ты і жыў, і любіў,\\ Ты не ўмёр – і забыў,\\ Каб нічога не дбаць,\\ Смела ўдаль паглядаць,\\ Быць самым не на смех... Гэта снег, толькі снег... \\ Хтось – сваяк, не сваяк –\\ Як жыў, скончыўся так.\\ Прагудзеў поп і звон,\\ Ідзі з памяці вон:\\ Бой за хлеб не на смех! Гэта снег, толькі снег... \\ Мо і лёгкія дні...\\ Не зачэпяць ані\\ Ні бяда, ні нуда,\\ Ні агонь, ні вада...\\ Само шчасце, сам смех! Гэта снег, толькі снег... \\ 1909\\ \\ Крыніца: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. – Мн., Маст. літ., 1996. – 342 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-з-першым-снегам]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-першы-снег]] * [[ibdc.ped>першы-снег-3700]] * [[ibdc.ped>першы-снег]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-першы-снег]]