~~META: title = Янка Купала — Прарок &keywords = прарок, зямлю, людзі, народ &abstract = Чытаць верш Янкі Купалы "Прарок" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Прарок ====== Сярод маны, сярод насмешкаў,\\ Знак нейкі тулячы к грудзям,\\ Ішоў прарок пясчанай сцежкай\\ З навукай новаю к людзям.\\ \\ Праціўны вецер лез у вочы\\ I плачам пеў, як дзіцянё,\\ Звяр'ё зубамі йграла ўночы,\\ Днём выла ў небе груганнё.\\ \\ А ён, не знаючы граніцаў,\\ Ішоў, хістаючысь наўслонь;\\ Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,\\ Вялікіх праўд святы агонь.\\ \\ Душа палала дзіўным жарам,\\ Бы з зораў выснутая ніць,\\ Што свет магла б сваім пажарам\\ Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.\\ \\ Ужо з сваім аклічным словам\\ Прарок далёка быў вядом,\\ Народу шмат збудзіў к дням новым,\\ Даў славу братнюю братом.\\ \\ Аж так дасяг – аквечан хвалай –\\ Зямлі забранай сумных хат,\\ Дзе царства цемры панавала,\\ Дзе сілу ўзяў над катам кат.\\ \\ Народ змарнеўшы таго краю\\ Свайго нат імені не знаў,\\ Як непатрэбшчына якая,\\ Гібеў на свеце і канаў.\\ \\ Галовы людзі пахіліўшы,\\ Зямлю капалі, як краты,\\ Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы\\ Усе жаданні яснаты.\\ \\ Прарок – пасол святла – ў загону\\ Людзей убачыўшы такім,\\ Маячыць стаў ім, як шалёны,\\ Прарочым голасам сваім:\\ \\ «Паўстаньце, рабскія натуры,\\ Пакіньце свой адвечны сон,\\ Загаманіце віхрам, бурай,\\ Каб ажна дрогнуў ваш палон!\\ \\ Глядзіце: прадзедавы косці\\ Ў зямлю калісь за вас ляглі,\\ А вы, як збэшчаныя госці,\\ Пракляццем сталі той зямлі.\\ \\ Дзе вашы песні жыватворны?\\ Дзе ў вас прарокі й дудары,\\ Што над пагібельнасцяй чорнай\\ Віталі б полымем зары?\\ \\ Забылі ўсё, згубілі долю,\\ Змяшалі славы цвет з гразёй\\ I запрадаліся ў няволю,\\ З душой і скурай счэзлі ў ёй.\\ \\ Пара у рукі браць паходні,\\ Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць!\\ Бо што не возьмеце сягоння,\\ Таго і заўтра вам не ўзяць.\\ \\ Назло крывавым перашкодам\\ Скідайце ёрмы, клічце сход,\\ I дайце знаць другім народам,\\ Які вы сільны йшчэ народ!\\ \\ За мной, за мной, забраны людзе!\\ Я добрай доляй послан к вам\\ I знаю, што было, што будзе,\\ I вас у крыўды не аддам».\\ \\ Так гаварыў і з рабства клікаў\\ Людзей на волю той прарок,\\ Ждучы з трывогаю вялікай\\ Ад іх адказу неўнарок.\\ \\ А людзі, глянуўшы на сонца,\\ Адказ казалі грамадой:\\ – Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,\\ Калі мы пойдзем за табой? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы]] * [[творы/янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]] * [[творы/янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]]