~~META: title = Янка Купала — Перад будучыняй &keywords = Купала, будучыня &abstract = Чытаць верш "Перад будучыняй" Янкі Купалы &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Перад будучыняй ====== Стаім мы перад будучыняй нашай\\ I ўсё варожым, сочым ейны ход...\\ Ці ўскрэснем мы, душою ўпаўшы, звяўшы,\\ Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род...\\ \\ Сягоння мы жывём і ўдзень мы блудзім\\ Пад маскай, асляпляючаю нас,\\ I што сказаць самім сабе і людзям,\\ Не ведаем, не можам, хоць і час.\\ \\ Заціснуты, задушаны, як мышы\\ Пад жорсткім венікам з усіх бакоў,\\ Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы\\ Таго свайго, што наша ад вякоў.\\ \\ Пакрыўленыя колісь нашы душы\\ Дагэтуль выпрастаць не ў моцы йшчэ;\\ Снуёмся, ў думках зводных затануўшы,\\ А хтось, а штось і мучыць і пячэ. …\\ \\ Цябе чакаем, будучыні нейкай,\\ Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,\\ І гінем марна пад чужой апекай,\\ Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.\\ \\ А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі\\ Засеў за наш бяседны, сытны стол\\ І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,\\ А мы к зямлі з падзякай гнёмся ў пол.\\ \\ Нявольніцтва й жабрацтва так нас з’ела\\ і так нам высмактала з сэрца сок,\\ Што нат у вочы глянуць, плюнуць смела\\ Не смеем, стоптаныя на пясок.\\ \\ Там чутна: Беларусь! Там – Незалежнасць!\\ А там – «Паўстань пракляццем...» Ну, а мы?\\ Мы ў страху... дум крутня... разбежнасць...\\ Без толку крыллем лопаем, як цьмы.\\ \\ О, так, як цьмы, як спуджаны вароны!..\\ І слухаем і нюхаем тут, там:\\ Які павеяў вецер на загоны, –\\ Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?\\ \\ Аграбленыя з гонару й кашулі,\\ З свайго прыпынку выгнаныя вон,\\ Мы дзякуем, што торбы апранулі\\ На нас ды з нашых нітак-валакон.\\ \\ З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,\\ Брыдзём, паўзём у свет – скрозь неўпапад.\\ І прысягаем, клічам Бога ў сведкі,\\ Што мы – не мы, што нехта вінават...\\ \\ І так жывём, сябе саміх не знаўшы,\\ Учора, сёння лазім між канаў...\\ Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай\\ Навек залом пракляты заламаў?\\ \\ Няўжо нас не аб'ясніць розум ясны,\\ І не пакінем біцца з кута ў кут?\\ Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны –\\ Кліч бураломны: вызваленне з пут?!\\ \\ 1922 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]] * [[творы/янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп]] * [[творы/янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц]] * [[творы/янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]]