~~META: title = Янка Купала — Паўстань... &keywords = паўстань, народу, жджэ, беларусь, ўладар, народ, прарок, ваяк, пясняр, край &abstract = Чытаць верш Янкі Купалы "Паўстань..." &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Паўстань... ====== Паўстань з народу нашага, прарок,\\ Праяваў бураломных варажбіт,\\ I мудрым словам скінь з народу ўрок,\\ Якім быў век праз ворагам спавіт!\\ \\ Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю,\\ Вазьмі з яе прысягу і зарок,\\ Што не прадасць сябе, сваю зямлю...\\ Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, прарок!\\ ****** *** Паўстань з народу нашага, пясняр,\\ Былых і будучых вякоў баян,\\ I ў бурны кліч, як буры ўдар,\\ 3 віхрамі загудзі над звон кайдан!\\ \\ Гудзі над Беларусяй з краю ў край,\\ У сэрцах спячых распалі пажар,\\ Над курганамі перуном зайграй!\\ Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр!\\ ****** *** Паўстань з народу нашага, ваяк,\\ I волатам на вогненным кані\\ Народ аграблены – бы з торб жабрак –\\ За Бацькаўшчыну павядзі ў агні!\\ \\ Да хвалы шлях айчыне пакажы,\\ Змяці з палёў яе чужых бадзяк,\\ На стражы стань гранічнае мяжы...\\ Свой край заваяваць паўстань, ваяк!\\ ****** *** Паўстань з народу нашага, Ўладар,\\ Адбудаваць свой збураны пасад,\\ Бо твой народ забыў, хто гаспадар\\ I хто яго абдзёр з каронных шат.\\ \\ На Ўладара жджэ Беларусь даўно,\\ I жджэ цябе ўладарства Божы дар,\\ Вялікае, магутнае яно...\\ Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар!\\ \\ 1919\\ \\ Крыніца: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 4. Вершы, пераклады 1915-1929. – Мн.: Маст, літ., 1997. – 446 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-верны-крэўнаму-брацтву]] * [[ibdc.ped>душа-народа]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-народ-у-трылогіі-на-ростанях-]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-будучыня]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]]