~~META: title = Янка Купала — Паязджане &keywords = Купала, паязджане &abstract = Чытаць верш "Паязджане" Янкі Купалы &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Паязджане ====== Распаўзлася па абшары\\ Сцюжным пухам, сцюжнай марай\\ Папаўзуха-завіруха —\\ Злога духа злыбядуха.\\ \\ Ў полі дымна, ў полі цёмна,\\ Беспатольна і заломна,\\ Ні пуціны, ні упыння,\\ Як у вечнай дамавіне.\\ \\ Як у моры, ў белым снегу,\\ Без днявання, без начлегу,\\ Ў бездарожжа, ў беспрыстанне\\ Едуць, едуць паязджане.\\ \\ Едуць, едуць, ані следу,\\ Ні праслуху, ні прагледу,\\ Ні прасвету, ні надзеі, —\\ Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.\\ \\ Папаўзуха-завіруха\\ Шэпча, шэпча штось да вуха\\ Аб музыцы-дудаграі,\\ Аб пшанічным караваі.\\ \\ Снежным надзячы начлегам,\\ Пасыпае сном і снегам,\\ Лазам лезе ў сэрца, ў вочы,\\ Зазірае патарочай.\\ \\ Маладога к маладусе,\\ Свата к свацці-пасядусе,\\ Да закосніцы закосню\\ Жах прытульна прыкаросніў.\\ \\ Прытуліліся, як дзеці,\\ Як галубкі на рассвеце,\\ Як нішто ні знаць, ні ведаць,\\ І ўсё едуць, едуць, едуць.\\ \\ А над імі збеядуха,\\ Папаўзуха-завіруха,\\ Снежнай хустаючы вехай,\\ Захліпаецца ад смеху.\\ \\ 1918 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]] * [[творы/янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц]] * [[творы/янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп]]