~~META: title = Янка Купала — На куццю &keywords = Купала, куцця &abstract = Чытаць паэму "На куццю" Янкі Купалы &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — На куццю ====== **I** На небе зоры ўжо мігцяць,\\ На полі срэбны снег іскрыцца;\\ На бел-свет дзівы выпраўляць\\ Пляцецца ночка-чараўніца.\\ Глуш абнялася з цішыной\\ I спавівае ўсё у чары,\\ Паўзуць і сеюць шорах свой\\ Старым парадкам цені-мары.\\ Вылазе з цемры бледны звод,\\ Глядзіць сліўнём на долы, горы\\ I тут і там пускае ў ход\\ Свае нямыя загаворы.\\ I тут і тамка свой прыгон\\ Распасцірае царства ночы;\\ Салодкі сон, магільны сон\\ Смяецца свету ўсяму ў вочы.\\ **II** Заныла ўсё, замёрла ўсё, —\\ Не спіць адвечнае замчышча:\\ Там пачынаецца жыццё\\ Ў агнёх старога папялішча.\\ Іскрыстым, бліскатным святлом\\ Заліты княжскія святліцы,\\ Дружына вольная кругом\\ Сталоў дубовых варушыцца.\\ Золататканы абрусы\\ З сталоў звісаюць дыванамі,\\ На абрусах чысцей расы\\ Віно красуецца каўшамі.\\ Духі мінуўшчыны куццю\\ На старасвецкі лад спраўляюць.\\ Даўно бываламу жыццю\\ Дары належныя складаюць. **III** На беласнежны на пасад\\ Усходзе князь, усходзе княжна,\\ За імі слуг пачэсны рад\\ Стаіць задумліва, суважна.\\ Агні брыльянтаў, як зарніц,\\ Зіяюць з княжацкай кароны, —\\ Краса б'е з князеўных зраніц,\\ Як бліск маланак развуглёны.\\ Звярнулі вочы ўсе ў іх бок,\\ Прымоўклі гоманы дружыны;\\ Ўсіх званых зблізку і здалёк\\ Саколім вокам князь акінуў.\\ Бярэ коўш соладка віна,\\ П'е за дружыну маладую,\\ I княжна з князем п'е да дна;\\ Князь гутарку павёў такую. **IV** «Адзін, адзін раз толькі ў год\\ Збірацца можам з ласкі року,\\ Каб год іржавы карагод\\ Зганяць з мінуўшчыны далёкай.\\ Нас не кранулі косы змен:\\ Царым мы ў дум жывых гэйнале,\\ Хоць на падмурках гэтых сцен\\ Другія наш пасад занялі.\\ Багі другія верх бяруць,\\ Суды вядуць над нашым краем,\\ Свяцільні ж нашы не замруць,\\ Што ў сэрцах вольных рассвятляем.\\ Прашу паклікаці ганцоў\\ I месца даці ім па чэсці:\\ Ад нашых стоптаных капцоў\\ Якія нам прыносяць весці?..» **V** Закончыў князь, махнуў рукой;\\ Уходзяць тры ганцы ў святліцу,\\ Ідуць суважнаю ступой\\ I князю й княжне пакланіцца.\\ А першы гэткі светлы быў,\\ Як небам сланыя праменні:\\ Ў руцэ меў светач, што на здзіў\\ Усе усюды зводзіў цені.\\ А быў другі і з ног і з рук,\\ Як гром з жывымі перунамі:\\ Ў руцэ меў стрэл жалезных пук\\ I лук стальны меў за плячамі.\\ А трэці быў і раб і цар,\\ I слаб і дуж ва ўсякім дзеле,\\ Як вечнасць, молад быў і стар;\\ Меў гуслі — на грудзях віселі. **VI** I першы князю гэткі сказ\\ I княжне скажа міласцівай:\\ «Я абышоў іх тройчы раз\\ I відзеў, што яшчэ ўсе жывы.\\ А толькі ўсё той самы лад:\\ З вачэй не зняты йшчэ павязкі,\\ Ці йдуць уперад ці назад,\\ Відны сляды цямрычнай ласкі.\\ А як ішоў між іх з святлом,\\ Яны пачулі, ах, пачулі:\\ Сляпым замораныя сном,\\ Худыя рукі ўвысь цягнулі.\\ За мною ўсцяж, і тут і там,\\ Іх вусны бледныя шапталі:\\ «Аддайце сонца наша нам!\\ Нашто схавалі-расхапалі?» \\ **VII** Другі за першым князю сказ\\ I княжне скажа міласцівай:\\ «Я абышоў іх тройчы раз\\ I відзеў, што яны ўсе жывы.\\ А топчуць толькі ўсе той след,\\ Валочаць ёрмы за сабою;\\ Ці ўбачыць корч, ці ўбачыць цвет,\\ Адною жаляцца слязою.\\ А як чапнуў стралой аб лук,\\ Яны скрануліся ў прасонні,\\ I столькі, столькі крэпкіх рук\\ К маёй паціснулася броні.\\ За мною ўсцяж, і тут і там,\\ Іх вусны бледныя шапталі:\\ «Аддайце славу нашу нам!\\ Нашто схавалі-расхапалі?» **VIII** I трэці князю гэткі сказ\\ I княжне скажа міласцівай:\\ «Я абышоў іх тройчы раз\\ I відзеў, што яны ўсе жывы.\\ А толькі торг усё ідзе\\ Над іх душою патаптанай;\\ Яны, як цені, ў грамадзе\\ Маўчаць і йдуць на пір паганы.\\ А як я ўдарыў па струне,\\ Замітусіліся, як пчолы,\\ I на гарэ і нізіне\\ Мне падавалі голас кволы.\\ За мною ўсцяж, і тут і там,\\ Іх вусны бледныя шапталі:\\ «Аддайце песню нашу намі\\ Нашто схавалі-расхапалі?» **IX** Сказаўшы так, маўчаць ганцы,\\ Маўчыць і князь крыху часіны,\\ I дасць адказ такі ў канцы\\ Ганцам на іхнія навіны:\\ «Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,\\ Раз хочуць сонца, славы, песні;\\ Заб'юць ім зычныя званы\\ Прабудным звонам напрадвесні.\\ Сваёй забранай старане,\\ Скаванай мучаніцы-княжне,\\ Ўзнясуць пасад на кургане\\ На панаванне недасяжне.\\ На дзеле — кожны йшчэ слугой,\\ У думках — вольныя ўжо людзі;\\ Над сэрцам іх, над іх душой\\ Наш дух лунаці вечна будзе. **X** Вы, другі верныя, ганцы,\\ Як летась, сёлета, налета\\ Ўсе пагранічныя капцы\\ Абходзьце зноў з маім прыветам.\\ Гуслямі, лукам і святлом\\ Будзіце, клічце і свяціце\\ I так спануйце іхнім сном,\\ Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.\\ А покуль поўнач не прыйшла,\\ Вясці бяседу будзем далей;\\ Засядзьце ўсе кругом стала,\\ Хай зазвініць віно ў крышталі.\\ А чарку першую ўзнясём\\ За цень мінуўшчыны у сеці,\\ Другой к цяпершчыне прап'ём,\\ Праславім будучыню трэцяй». **XI** Садзіцца княжна, князь, кругом\\ Садзіцца вольная дружына;\\ Шуміць бяседа за сталом,\\ Плыве часіна за часінай.\\ I разгараецца ясней\\ Паходня радасці забытай,\\ I светазарнасцю сваей\\ Вясёлкі сее самавіты.\\ Ямчэй нацягваецца лук,\\ Цэль рассякаюць агнястрэлы,\\ Дрыжыць паўчына і павук,\\ Дрыжыць прыблудак ачарнелы.\\ Рахкочуць гуслі звон у звон,\\ На бел-свет розгалас нясецца,\\ Як бел-свет, коціцца разгон\\ I ў думцы казкай раздаецца. **XII** Плыве шумліва, як рака,\\ Бяседа вольная такая,\\ А ўжо нявідзіма рука\\ На небе поўнач адзначае.\\ Залопаў крыллямі пятух, —\\ I ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;\\ Замоўк разгул, агонь патух,\\ Старое згасла папялішча.\\ На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,\\ Пуціну заяц перамераў...\\ А быў тут хто або не быў, —\\ I так і гэтак мала веры.\\ I так і гэтак свой прыгон\\ Распасцірае царства ночы:\\ Салодкі сон, магільны сон\\ Смяецца свету ўсяму ў вочы.\\ \\ 1911 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-на-куццю-аналіз-паэмы]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]] * [[творы/янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы]] * [[творы/янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп]]