~~META: title = Янка Купала — Мужык &keywords = мужык, дурны, свет, хлеб, крык, век, жыць &abstract = Верш Янкі Купалы "Мужык" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Мужык ====== Што я мужык, усе тут знаюць,\\ І, як ёсць гэты свет вялік,\\ З мяне смяюцца, пагарджаюць, –\\ Бо я мужык, дурны мужык.\\ \\ Чытаць, пісаць я не умею,\\ Не ходзіць гладка мой язык,\\ Бо толькі вечна ару, сею, –\\ Бо я мужык, дурны мужык.\\ \\ Бо з працы хлеб свой здабываю,\\ Бо зношу лаянку і крык,\\ І свята рэдка калі знаю, –\\ Бо я мужык, дурны мужык.\\ \\ Галеюць дзеці век без хлеба,\\ Падзёрты жончын чаравік,\\ Не маю грошы на патрэбу, –\\ Бо я мужык, дурны мужык.\\ \\ Заліты потам горкім вочы;\\ Ці я малы, ці я старык, –\\ Працую, як той вол рабочы, –\\ Бо я мужык, дурны мужык.\\ \\ Як хвор ды бедзен – сам бяруся\\ Лячыць сябе: я чараўнік!\\ Бо я без доктара лячуся, –\\ Бо я мужык, дурны мужык.\\ \\ Што голы я, павінен згінуць,\\ Як той у лесе чашчавік,\\ І, як сабака, свет пакінуць, –\\ Бо я мужык, дурны мужык.\\ \\ Але хоць колькі жыць тут буду,\\ Як будзе век тут мой вялік,\\ Ніколі, браткі, не забуду,\\ Што чалавек я, хоць мужык.\\ \\ І кожны, хто мяне спытае,\\ Пачуе толькі адзін крык:\\ Што хоць мной кожны пагарджае,\\ Я буду жыць! – бо я мужык!\\ \\ 1905 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-мужык-і-пан]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мужык-не-змяніўся]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-як-то-добра-калі-мужык]] * [[творы/уладзіслаў-галубок/уладзіслаў-галубок-доля-мужыка]]